Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у памятным мерапрыемстве з выпадку 80-годдзя трагедыі ў Хатыні



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у памятным мерапрыемстве, прымеркаваным да 80-й гадавіны хатынскай трагедыі.

Пасля прыбыцця кіраўнік дзяржавы наведае музей, ушануе памяць ахвяр трагедыі, ускладзе вянок.

Новы музей быў пабудаваны ў мемарыяльным комплексе па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі да 80-годдзя хатынскай трагедыі. Тут таксама былі праведзены маштабныя рэстаўрацыйныя работы. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звяртаў увагу, што важна захаваць першапачатковы выгляд, каб усё было па-простаму і душэўна. "У маі каб былі пачаты ўсе работы. Да 9 мая мне далажыце тэрміны, планы, хто будзе працаваць, экспертызы, праекты, каштарысы. Я разумею, што пабудаваць мы зможам. Але будзем акуратна абсталёўваць яго. Мы павінны да гэтага юбілею зрабіць усё, - падкрэсліў Прэзідэнт у час наведвання Хатыні 16 красавіка 2022 года. - Неадкладна пачынайце будаваць музей. Галоўнае - экспазіцыя, якая там будзе. Каб людзі прыйшлі і, перш чым сюды ступіць нагой, каб у іх сэрца ўжо рвала".

Моладзь Беларусі не засталася ў баку ад ініцыятывы кіраўніка дзяржавы і актыўна ўключылася ў работу. У выніку ў мемарыяльным комплексе была аб`яўлена Усебеларуская моладзевая будоўля, якая аб`яднала сем`і і працоўныя калектывы з усёй краіны.

У сціслыя тэрміны ў Хатыні быў пабудаваны новы музей - аднапавярховы будынак з шасцю выставачнымі заламі, дзе наведвальнікі паэтапна знаёмяцца з гісторыяй буйных ваенных канфліктаў, трагедыяй мірнага насельніцтва ў іх: "Дрэва гісторыі" (пра перыяд ваенных паходаў і войнаў на беларускай зямлі ў Х- ХХ стагоддзях), "Пачатак вайны", "Акупацыя", "Спаленыя вёскі", "Вечнасць" (сімвалізуе месца пакланення ўсім ахвярам сярод мірнага насельніцтва і ўключае ў сябе назвы ўсіх пацярпелых населеных пунктаў) і "Памяць". Гэта зала, куды наведвальнікі трапляюць пасля завяршэння экскурсіі па музеі, пабудавана ў форме двухступеньчатага атрыума і прысвечана даследаванням і ўвасабленням у мастацкіх вобразах, кінематаграфіі і архітэктурных комплексах тэмы генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

22 сакавіка 2023, Лагойскі раён
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/122/68746
Текущая дата: 18.11.2024