Белорусский портал в Казахстане

Колькасць наведвальнікаў беларускіх музеяў у 2022 годзе ўзрасла амаль на 40%



Колькасць наведвальнікаў беларускіх музеяў у 2022 годзе павялічылася ў параўнанні з 2021-м на 37%. Пра гэта паведаміла начальніца упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч.

«Колькасць наведванняў беларускіх музеяў у 2022 годзе павялічылася ў параўнанні з 2021-м на 37%. Гэта стала магчымым дзякуючы той працы, якую мы праводзім. 2021-ы быў абвешчаны Годам народнага адзінства, мы адкрывалі для сябе новыя старонкі таго гістарычнага перыяду, калі БССР была аб’яднаная з Заходняй Беларуссю. Затым 2022-ы, Год гістарычнай памяці. Тут мы адкрывалі для сябе новыя старонкі гісторыі, новыя факты пра падзеі, якія адбываліся ў першую чаргу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, тычыліся генацыду беларускага народа. 2023 год абвешчаны Годам міру і стварэння. Ён будзе пазначаны новымі адкрыццямі, новымі выставачнымі праектамі, будзе накіраваны на тое, каб паказаць у нашых музеях развіццё беларускай культуры і тыя дасягненні, якія ёсць», — распавяла Ірына Карповіч.

Летась самымі папулярнымі рэспубліканскімі музеямі сталі Брэсцкая крэпасць і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

«Яны займаюць лідзіруючыя пазіцыі па колькасці наведвальнікаў. Без увагі мы не пакідаем і рэгіёны, нашы раённыя музеі. Найбольшага прыросту наведванняў у музейнай сферы дасягнулі Мінская, Гомельская і Віцебская вобласці. Такіх паказчыкаў немагчыма дасягнуць без дзяржаўнай падтрымкі, якую мы адчуваем. І тыя аб’екты і музейныя экспазіцыі, адкрытыя ў 2022 годзе, пра гэта сведчаць. Кожны рэгіён атрымаў нешта новае ў музейнай сферы», — адзначыла начальніца упраўлення.

Звязда, 25 студзеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/134/68131
Текущая дата: 19.11.2024