Белорусский портал в Казахстане

За час акцыі "Адновім лясы разам!" у Беларусі высаджана звыш 6,5 млн дрэў



Падчас правядзення акцыі "Адновім лясы разам!" па ўсёй Беларусі высаджана звыш 6,5 млн дрэў. Аб гэтым распавялі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

З 8 па 22 кастрычніка ў краіне праходзіла рэспубліканская добраахвотная акцыя "Адновім лясы разам!", галоўнай мэтай якой было дапамагчы ў аднаўленні лясоў, якія пацярпелі ў выніку моцных ураганных з`яў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 21 тыс. чалавек - работнікі лясной галіны, валанцёры і іншыя.

"На працягу некалькіх тыдняў яны стваралі новыя лясныя культуры на бураломных участках. Пры гэтым акцэнт у ходзе цяперашняй кампаніі быў зроблены на аднаўленні лясоў найбольш пацярпелай Магілёўскай вобласці. Стварэнне лясных культур ажыццяўлялася больш як на 1,2 тыс. участкаў. Усяго за час правядзення акцыі было высаджана звыш 6,5 млн дрэў. У асноўным гэта сасна, бяроза, елка і дуб", - растлумачылі ў ведамстве.

Дапамогу Магілёўскай вобласці ў аднаўленні лясоў аказалі не толькі валанцёры, але і калегі з іншых рэгіёнаў. Напрыклад, цэнтральны апарат Міністэрства лясной гаспадаркі працаваў у Магілёўскім лясгасе, Мінскага і Гомельскага ДВЛГА - у Быхаўскім, Брэсцкага і Гродзенскага - у Чавускім, Віцебскага - у Клімавіцкім. Удзел у акцыі таксама прынялі кіраўнікі і цэнтральныя апараты розных дзяржаўных органаў і структур: Камітэта дзяржаўнага кантролю, Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце, Міністэрства ўнутраных спраў, Цэнтрвыбаркама і іншых.

У рамках акцыі "Адновім лясы разам!" было таксама закладзена некалькі дзясяткаў алей, наведзены парадак паблізу памятных мясцін.

25 кастрычніка 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/157/66910
Текущая дата: 19.11.2024