Белорусский портал в Казахстане

Крутой раскрыў падрабязнасці рэалізацыі праектаў з Расіяй па імпартазамяшчэнні на $1,5 млрд



Работа па імпартазамяшчальных праектах Беларусі і Расіі ідзе паралельна па двух трэках - фінансавым і тэхнічным. Аб гэтым заявіў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой на палях саміту СНД.

"Заканчваюцца ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па ўзгадненні фінансавых умоў крэдытавання гэтых праектаў, - растлумачыў Дзмітрый Крутой. - Усе штрыхі на апошняй сустрэчы прэзідэнтаў былі расстаўлены. Мы бачым, што па ўмовах фінансавання праекты будуць падзелены на два пулы. Першы (прыярытэтны) - гэта мікраэлектроніка, тое, што трэба цяпер, хутчэй. І другі - гэта машынабудаўнічыя праекты".

Як удакладніў пасол, тэхнічную частку рэалізацыі праектаў адпрацоўваюць міністэрствы прамысловасці дзвюх краін: "Па кожным праекце трэба скласці пашпарт: якое тэхналагічнае абсталяванне будзе набывацца, на якія рынкі будзе пастаўляцца прадукцыя". Па патрабаванні лідараў дзвюх краін у першую чаргу вырабленая прадукцыя павінна быць запатрабавана на рынку Саюзнай дзяржавы.

Праекты, пашпарты, бізнес-планы ў далейшым будуць узгоднены на ўзроўні віцэ-прэм`ераў, і далей пачнецца іх практычнае фінансаванне. Плануецца задзейнічаць два беларускія банкі - Банк развіцця і Беларусбанк.

"Па меры крэдытавання адпаведныя рэсурсы будуць аднаўляцца Расійскай Федэрацыяй", - сказаў кіраўнік дыпмісіі.

Як паведамлялася, паміж Беларуссю і Расіяй была дасягнута дамоўленасць аб выдзяленні Расіяй крэдытных рэсурсаў для фінансавання імпартазамяшчальных праектаў у памеры больш як $1,5 млрд.

"Да канца года будуць запушчаны сем праектаў на суму каля $330 млн. У асноўным яны будуць звязаны са сферай машынабудавання", - гаварыў нядаўна прэм`ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

14 кастрычніка 2022, Астана
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/159/66790
Текущая дата: 19.11.2024