Белорусский портал в Казахстане

Дзень народнага адзінства адзначаецца ў Рэспубліцы Беларусь



Сёння Рэспубліка Беларусь святкуе Дзень народнага адзінства. Ён быў заснаваны 7 чэрвеня 2021 года ўказам нумар 206 кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.

Свята прымеркавана да пачатку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе, у выніку якога падзелены па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора беларускі народ зноў уз’яднаўся.

Тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж дзвюма дзяржавамі ў выніку польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў. На тэрыторыі ўсходняй часткі Беларусі была створана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая ўваходзіла ў склад СССР. Заходнія тэрыторыі Беларусі былі далучаны да Польшчы — частка зямель захоплена палякамі ў час вайны, частка адышла згодна з Рыжскім мірным дагаворам, падпісаным 18 сакавіка 1921 года.

У склад польскай дзяржавы ўвайшла тэрыторыя плошчай больш за 112 тыс. кв.км з насельніцтвам 4,6 млн чалавек (паводле даных 1931 года). За гэтымі землямі замацавалася неафіцыйная назва Заходняя Беларусь, якую ўлады Польшчы не прызнавалі. У афіцыйных дакументах гэтыя тэрыторыі часцей называлі «крэсы ўсходнія».

Заходняя Беларусь была адносна адсталай аграрнай ускраінай Польшчы. Край у асноўным выкарыстоўваўся дзяржавай як крыніца сыравіны і таннай рабочай сілы. Працоўны дзень у прамысловасці складаў 10-12 гадзін, зарплата была больш нізкай, чым у спрадвечна польскіх рэгіёнах. Больш за 80 працэнтаў насельніцтва краю былі заняты ў сельскай гаспадарцы.

У адносінах да беларусаў польскія ўлады праводзілі палітыку паланізацыі і асіміляцыі. Яны не дазвалялі выкарыстоўваць беларускую мову ў дзяржаўных установах, забаранялі беларускія школы. З 400 беларускіх школ, што існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі да польскай акупацыі, у 1934 годзе засталося толькі 16, а ў 1939 годзе не засталося ні адной. Жорстка праследвалася беларуская прэса. Калі ў 1927 годзе легальна выдаваліся 23 беларускія газеты і часопісы, то ў 1932-м іх стала 8, да 1937 года засталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. У Заходняй Беларусі не было беларускіх тэатраў і музычных устаноў. Улады знаходзілі розныя прычыны, каб закрываць беларускія выдавецтвы, бібліятэкі, хаты-чытальні.

Галоўным метадам кіраўніцтва польскага ўрада было прымушэнне, а часта і тэрор. Звычайнай з’явай былі масавыя рэпрэсіі паліцыі ў адносінах да насельніцтва ў час карных экспедыцый па ўціхамірванні сялянскіх выступленняў. Часта праводзіліся судовыя палітычныя працэсы. Для ізаляцыі «грамадска небяспечных элементаў» выкарыстоўваліся турмы. У 1934 годзе быў створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, праз які за 5 гадоў існавання, паводле няпоўных даных, прайшлі звыш 10 тыс. вязняў.

Беларускі народ ніколі не мірыўся са сваім паднявольным становішчам. На працягу 20 гадоў ён вёў барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, якая ў розны час прымала розныя формы, але ніколі не спынялася. Нярэдкімі былі выступленні рабочых і сялян. Свой важкі ўклад унеслі культурна-асветныя арганізацыі, вядучай сярод якіх было Таварыства беларускай школы. На чале рэвалюцыйнага руху доўгія гады стаяла Камуністычная партыя Заходняй Беларусі.

У канцы 1930-х гадоў пагроза вайны, якая зыходзіла ад нацысцкай Германіі, навісла над усёй Еўропай. Каб прадухіліць яе, патрэбны былі сумесныя дзеянні вядучых краін Заходняй Еўропы і СССР. Разумеючы гэта, Савецкі Саюз у другой палове 1930-х гадоў зрабіў шэраг спроб стварыць сумесна з Вялікабрытаніяй, Францыяй і іншымі заходнімі краінамі антыгітлераўскую кааліцыю. Аднак вядучыя еўрапейскія дзяржавы адмовіліся ад такога саюза, употай імкнучыся накіраваць гітлераўскую агрэсію на ўсход. Савецкі Саюз апынуўся перад выбарам: ці прадоўжыць процістаянне сам-насам з набіраючай ваенную моц Германіяй, ці зрабіць спробы дыпламатычным шляхам адвесці ад сябе пагрозу. У такіх умовах СССР заключыў з Германіяй Дагавор аб ненападзенні, які быў падпісаны 23 жніўня ў Маскве. Да дакумента прыкладаўся дадатковы сакрэтны пратакол аб падзеле сфер уплыву паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. Згодна з гэтым дакументам у выпадку ліквідацыі польскай дзяржавы і падзелу яе тэрыторый пад сферу ўплыву СССР падпадалі ў тым ліку і землі Заходняй Беларусі.

1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна. Нямецкія дывізіі перайшлі граніцу ў некалькіх напрамках і пачалі хутка перамяшчацца ўглыб польскай дзяржавы. Яе ўрад і камандаванне не змаглі арганізаваць эфектыўную абарону і на трэцім тыдні вайны пакінулі краіну.

У сярэдзіне верасня нямецкія войскі падышлі да тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Германскае кіраўніцтва, спасылаючыся на дамоўленасць ад 23 жніўня, падганяла савецкі бок хутчэй выступіць супраць Польшчы. Але Сталін адцягваў выступленне. Толькі калі польская армія ў цэлым была разбіта, практычна ўсе спрадвечныя польскія тэрыторыі заняты нямецкімі войскамі, у краіне заставаліся толькі адзінкавыя пункты супраціўлення, савецкі ўрад аддаў распараджэнне камандаванню Чырвонай Арміі перайсці граніцу.

Раніцай 17 верасня польскаму паслу ў Маскве была ўручана нота ўрада СССР. У ёй гаварылася: «Польска-германская вайна выявіла ўнутраную нежыццяздольнасць польскай дзяржавы. На працягу дзесяці дзён ваенных аперацый Польшча страціла ўсе свае прамысловыя раёны і культурныя цэнтры. Варшава як сталіца Польшчы не існуе больш. Польскі ўрад распаўся і не падае прымет жыцця. Гэта значыць, што польская дзяржава і яе ўрад фактычна перасталі існаваць. Тым самым спынілі сваё дзеянне дагаворы, заключаныя паміж СССР і Польшчай. Пакінутая на саму сябе і без кіраўніцтва Польшча ператварылася ў зручнае поле для ўсялякіх выпадковасцей і нечаканасцей, якія могуць стварыць пагрозу для СССР. Таму, будучы дагэтуль нейтральным, савецкі ўрад не можа больш нейтральна ставіцца да гэтых фактаў. Савецкі ўрад не можа таксама абыякава ставіцца да таго, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, пражываючыя на тэрыторыі Польшчы, пакінутыя на волю лёсу, заставаліся безабароннымі. З-за такой абстаноўкі савецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай Арміі даць загад войскам перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі».

Ноту падпісаў народны камісар замежных спраў СССР Молатаў. Ён жа выступіў па радыё са зваротам да савецкага народа.

Перамяшчэнне савецкіх войскаў ішло хутка: 18 верасня яны занялі Свянцяны, Ліду, Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск; 19 верасня — Пружаны і Кобрын.

Большасць падраздзяленняў Войска польскага здавалася без бою. Тыя часці, аснову якіх складалі этнічныя ўкраінцы і беларусы, пераходзілі на бок Чырвонай Арміі. Іх адразу ж распускалі па дамах. А вось польскіх афіцэраў і паліцэйскіх эшалонамі адпраўлялі ў савецкія лагеры.

Асноўная частка насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала савецкіх салдат з радасцю і аказвала дзейсную дапамогу. У многіх месцах ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія арганізоўвалі атрады з рабочых і сялян. Гэтыя фарміраванні раззбройвалі паліцэйскіх, бралі пад ахову масты, прадпрыемствы, іншыя важныя аб’екты. Але некалькі дзён прадаўжалася бітва за Гродна. Супраціўленне тут аказалі амаль 3 тыс. салдат і афіцэраў вучэбнага падраздзялення і паліцэйскіх. 20 верасня горад быў узяты, а 22 верасня савецкія войскі ўвайшлі ў Брэст-Літоўск і Беласток.

Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў ваяводствах і павятовых цэнтрах пачалі фарміравацца органы новай улады. У гарадах імі сталі часовыя ўправы, а ў мястэчках і вёсках — сельскія камітэты. Менавіта яны заняліся ажыццяўленнем першых пераўтварэнняў, а потым арганізацыяй выбараў дэпутатаў на Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў вырашыць асноўныя пытанні дзяржаўнага ладу. Выбары прайшлі 22 кастрычніка 1939 года ў абстаноўцы палітычнага ўздыму.

Народны сход Заходняй Беларусі праходзіў 28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку. На ім была прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні савецкай улады і ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. 2 лістапада 1939 года пазачарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР першага склікання вырашыла задаволіць просьбу Народнага сходу Заходняй Беларусі і ўключыць Заходнюю Беларусь у склад СССР з аб’яднаннем яе з Беларускай ССР. Заключным заканадаўчым актам стала прыняцце пазачарговай III сесіяй Вярхоўнага Савета БССР 14 лістапада 1939 года закона «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Такім чынам была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць рэспублікі, аб’яднаны беларускі народ.

Тэрыторыя і насельніцтва рэспублікі павялічыліся амаль удвая. На заходнебеларускіх землях, якія ўвайшлі ў склад БССР, былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. Гэтыя рэгіёны былі ўключаны ў радыкальныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Была праведзена нацыяналізацыя прадпрыемстваў і банкаў, ажыццяўлялася калектывізацыя і механізацыя сельскай гаспадаркі. Карэнныя змяненні адбыліся ў адукацыі, ахове здароўя, навуцы і культуры. Актывізавалася работа па ліквідацыі непісьменнасці, прычым навучальныя ўстановы ствараліся для розных этнічных груп насельніцтва: у 1941 годзе ў заходніх абласцях БССР дзейнічалі 4192 беларускія, 987 польскіх, 173 рускія, 168 яўрэйскіх, 63 літоўскія, 43 украінскія школы. Былі створаны тэатры, адкрыта 100 кінатэатраў, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк. Ва ўсіх абласных гарадах і райцэнтрах з’явілася беларускамоўная перыёдыка. Паступальнае развіццё эканомікі, сацыяльнай сферы заходніх абласцей рэспублікі было перапынена пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.

Звязда, 17 верасня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/18/75251
Текущая дата: 23.12.2024