Белорусский портал в Казахстане

Святочны канцэрт у гонар Дня народнага адзінства прайшоў у сталіцы



13 верасня ў Мінскім гарадскім Палацы культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню народнага адзінства.

У прасторнай зале не было свабодных месцаў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, неабыякавая моладзь, супрацоўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў, органаў дзяржаўнай улады сабраліся разам напярэдадні дзяржаўнага свята.

Прысутных павіншавалі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, Старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў.

— Для нас Дзень народнага адзінства — гэта асаблівае свята. У цяперашні час, мне здаецца, ён актуальны, як ніколі. Цяпер, калі многія краіны губляюць сваю незалежнасць, калі людзі губляюць сваю родную зямлю, мы асабліва разумеем, у якой цудоўнай краіне жывем. — адзначыла Наталля Качанава. — І наша задача — захаваць яе. Гэта магчыма толькі тады, калі мы будзем адзіныя, калі наш народ у сваім імкненні жыць на роднай зямлі, у суверэннай дзяржаве будзе рабіць усё для таго, каб гэта было так не толькі сёння, але і ў будучыні.

— На працягу многіх стагоддзяў беларусы жылі на скрыжаванні гандлёва-эканамічных, палітычных шляхоў і падвяргаліся розным нападкам. Але ўвесь гэты час наш народ неаднаразова даказваў, што мае сваю культуру, свой менталітэт. Мы абаранялі сваю зямлю і ніколі не хадзілі за чужой, таму што разумелі: трэба жыць на тое, што зароблена сваёй працай. І калі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя ў чарговы раз была зроблена спроба падзяліць наш народ, беларусы даказалі, што нельга падзяліць непадзельнае. Бо гэта створана рукамі многіх пакаленняў нашых продкаў, якія адпісвалі нам быць працавітымі, быць абаронцамі і, самае галоўнае, быць адзінымі, — сказаў Уладзімір Кухараў.

Сваю творчасць падарылі ўдзельнікам мерапрыемства: Стас Трыфанаў, Анатоль Ярмоленка, Жанет, Руслан Беразоўскі, акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Анастасія Бергавіна, арт-група «Беларусы», Ангеліна Волкава, група «BYCITY», Арцём Саладуха, Творчая майстэрня эстраднага мастацтва «хвіліна», балет «Ф’южн», харэаграфічны ансамбль «Крокі», Андрэй Коласаў і іншыя.

Аўтар: Віктар Іванчыкаў
Звязда, 14 верасня 2024


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/19/75215
Текущая дата: 23.12.2024