Аб гэтым паведамілі ў Лідскім райвыканкаме.
Пераможцаў конкурсу інсталяцый «Кнігі з навагоднімі віншаваннямі» аб’явілі ў Лідзе, якая стане ў наступным годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства.
Праводзіць напярэдадні навагодніх свят конкурсы арыгінальных святочных ёлак стала ў шэрагу гарадоў Гродзенскай вобласці цудоўнай традыцыяй. Цэлыя алеі дызайнерскіх елак ствараюцца і прыцягваюць гараджан і гасцей, становяцца вялікай яркай фотазонай. А вось алея дызайнерскіх кніг у Лідзе з’явілася ўпершыню: так у горадзе вырашылі сустрэць 2025 год, які стане для райцэнтра асаблівым: Ліда прыме рэспубліканскае свята — Дзень беларускага пісьменства.
Прадпрыемствы, установы адукацыі, культуры, аховы здароўя, гаспадаркі стварылі свае тэматычныя інсталяцыі на кніжныя тэмы і напісалі на іх старонках навагоднія пажаданні сваёй малой Радзіме і яе жыхарам, Гродзеншчыне і ўсёй Беларусі. Творчая фантазія ўдзельнікаў конкурсу аказалася сапраўды бязмежнай. На алеі кніг занялі свае месцы самыя разнастайныя экспанаты. Тут ёсць ёлка-вітрына з сапраўднымі беларускімі кнігамі і партрэтамі класікаў нацыянальнай літаратуры, ёлка з лапамі ў форме бліскучых кніжных старонак. Лідскі гісторыка-мастацкі музей раскрыў сваю стылізаваную скураную кнігу на старонках, прысвечаных 70-годдзю ўстановы культуры, якую адзначылі ў 2024 годзе, а ў Дзень беларускага пісьменства абяцае разгарнуць старонкі, якія расказваюць пра гэта свята.
У ААТ «Лакафарба» напісалі віншаванні і пажаданні старажытнай вяззю, у Лідскіх электрасетках запэўнілі жыхароў раёна, што працуюць для таго, каб у дамах было цёпла і светла, зрабіўшы гэтыя словы свайго роду эпіграфам да інсталяцыі-кнігі. Супрацоўнікі ААТ «Лідская мука» правялі віктарыну аб гэтым каштоўным прадукце і тым, што аб ім сказана і напісана. А ў адну з кніг можна было нават увайсці: так адкрываўся партал у новы год, калі Ліда стане сталіцай вялікага літаратурнага свята.
Пераможцам конкурсу (а імі сталі ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Лідсельмаш», Лідская ЖКГ, цэнтр культуры і народнай творчасці і ААТ «Лакафарба») заслужаныя дыпломы і ўзнагароды ўручыў старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.
Звязда, 14 снежня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/2/76242
Текущая дата: 22.12.2024