Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі святкуюць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна



Сёння ў краіне святкуюць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Гэта свята ўстаноўлена ўказам Прэзідэнта Беларусі нумар 157 ад 26 сакавіка 1998 года і адзначаецца штогод у другую нядзелю траўня.

У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі нашай краіны як суверэннай дзяржавы з`яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Гэта сімвалы гістарычнай памяці, якія звязваюць разам гераічнае мінулае, сучаснасць і будучыню беларускай дзяржавы. Яны з`яўляюцца важнейшымі атрыбутамі суверэнітэту і незалежнасці Айчыны.

Эталон герба і Палажэнне аб сцягу зацверджаны ўказам ад 7 чэрвеня 1995 года па выніках праведзенага 14 траўня 1995 года рэспубліканскага рэферэндуму.

5 ліпеня 2004 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь", які вызначае апісанне і парадак іх выкарыстання. Апошнія змяненні ў выяве Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь былі зацверджаны ў студзені 2021 года.

12 красавіка 2023 года Прэзідэнтам быў падпісаны ўказ нумар 105, згодна з якім назва свята зменена з "Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь" на "Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь".

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева - кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у два радкі напісаны золатам словы "Рэспублiка Беларусь".

У выяве беларускага герба адлюстраваны асноўныя нацыянальныя і духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянская еднасць, працавітасць, міралюбнасць. Размешчаны ў цэнтры герба контур Беларусі сімвалізуе суверэнітэт і тэрытарыяльнае адзінства краіны. Вянок з залатых каласоў, кветак ільну і канюшыны - дабрабыт і дастатак. Зямны шар - жаданне жыць у міры і згодзе, супрацоўнічаць з усімі краінамі, а ўзыходзячае сонца - сімвал жыцця і найлепшай долі. Зорка сімвалізуе чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх думак, высокіх памкненняў народа.

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос чырвонага і зялёнага колеру. Суадносіны шырыні палос чырвонага і зялёнага колеру - 2:1. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі. Дзяржаўны сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (вохра) колер.

Чырвоны колер сцяга сімвалізуе сілу, мужнасць, высакароднасць, энергію; зялёны - надзею, здароўе, маладосць, адраджэнне, працавітасць, стваральную працу, прыродную гармонію; белы - чысціню, беззаганнасць, прымірэнне, мудрасць, веды. Арнамент з`яўляецца сімвалам старажытнай культуры народа, яго духоўнага багацця. Арнамент на Дзяржаўным сцягу расказвае пра хлеб, ураджай і прадаўжэнне роду; услаўляе працавітасць і майстэрства - першааснову шчаслівай долі чалавека. Беларусь - першая ў свеце краіна, якая выкарыстала нацыянальны арнамент у якасці элемента дзяржаўнага сцяга.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, які выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацаваны ў заканадаўстве. Тэкст Дзяржаўнага гімна праслаўляе жаданне беларускага народа жыць у міры, яго працавітасць, гатоўнасць абараняць родную зямлю. Музыку да гімна напісаў беларускі кампазітар Н.Ф.Сакалоўскі, словы - беларускія паэты М.М.Клімковіч і У.І.Карызна.

У 2013 годзе ў Мінску на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай з`явілася плошча Дзяржаўнага сцяга. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося 2 ліпеня. У цэнтры плошчы знаходзіцца 70-метровая стэла-флагшток, на якой устаноўлены самы вялікі ў краіне Дзяржаўны сцяг. Па перыметры плошчы размешчаны сем гранітных стэл з гербамі абласцей і беларускай сталіцы.

Сіметрычна з двух бакоў ад лесвіцы размешчаны стэлы з тэкстам Дзяржаўнага гімна і геаграфічнай картай Беларусі.

З нагоды Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь па ўсёй краіне сёння пройдзе агульнарэспубліканская эстафета "Ганаруся роднымі сімваламі". У час эстафеты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі будзе арганізавана больш як 250 мерапрыемстваў, уключаючы ўрачыстыя цырымоніі ўручэння моладзевых білетаў БРСМ, фестывалі, фотаконкурсы, тэматычныя забегі, аўтапрабегі і шмат іншага. У сталіцы таксама будзе арганізавана шмат урачыстых мерапрыемстваў. У дзень свята на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь пройдзе ўрачысты рытуал ушаноўвання Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба.

12 мая 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/31/74062
Текущая дата: 15.11.2024