Болей 664 тысячы еўра будзе накіравана на рэалізацыю праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Выбудоўванне эфектыўных механізмаў абароны для паляпшэння жыцця дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці і захворваннямі, якія абмяжоўваюць працягласць жыцця».
Як паведаміла на прэзентацыі ў Магілёве кіраўнік праекта Марыя Барынава, на працягу трох гадоў свайго дзеяння праект акажа падтрымку 1,5 тысячы цяжкахворым дзецям і іх сем’ям ва ўсіх рэгіёнах краіны.
— Вельмі часта бацькі цяжкахворых дзяцей не ведаюць пра свае правы — знаходзяцца ў інфармацыйным вакууме, — кажа Марына Барынава. — Наш праект прадугледжвае правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў для мэтавых груп, грамадскія абмеркаванні, піяр-кампаніі. Для рэалізацыі пастаўленых задач мы збіраемся правесці маніторынг патрэбаў цяжкахворых дзяцей і іх сямей, стварыць нацыянальную сетку спецыялістаў па сацыяльнай рабоце і суправаджэнню, запрасіць бацькоў у ініцыятыўныя суполкі па абароне правоў цяжкахворых дзяцей, арганізаваць адпаведныя рэгіянальныя форумы. Праект таксама прадугледжвае правядзенне конкурсу па падтрымцы мясцовых ініцыятыў і фінансаванне лепшых з іх у суме да тысячы еўра.
Праект рэалізуецца грамадскай дабрачыннай арганізацыяй «Беларускі дзіцячы хоспіс» ў партнёрстве з англійскай дабрачыннай арганізацыяй «HealthProm», пры падтрымцы Магілёўскага абласнога аддзялення «Беларускага дзіцячага фонду» і іншых устаноў.
Нэлі Зігуля
Звязда, 27 лістапада 2020
Звязда, 27 лістапада 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/330/57220
Текущая дата: 20.11.2024