Тры ўраджэнцы беларускага Палесся названыя «Ганаровымі палешукамі» на VI Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які праходзіць 29 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна (Гомельская вобласць).
На сцэну па ўзнагароду падняліся старшыня Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Міхаіл Русы, дырэктар ААТ «Спецжалезабетон» Васіль Басевіч, генеральны дырэктар РУП «Вытворчае аб’яднанне „Беларуснафта“» Аляксандр Ляхаў.
Звяртаючыся да землякоў і ўсім удзельнікам і гасцям свята, Міхаіл Русы прасіў захаваць, працягнуць і не даць разбурыць усё тое унікальнае, што створана ў Беларусі. Ён пажадаў, каб у кожным беларускім доме пасяліўся дабрабыт, гучаў смех дзяцей, унукаў, праўнукаў. «Хай дом, сэрца і душы заўсёды будуць адкрытымі. Захаваем традыцыі! Захаваем Беларусь!» — сказаў Міхаіл Русы.
Намінацыя «Ганаровы паляшук» для жыхароў беларускага Палесся, якія робяць унёсак у развіццё рэгіёна і ўсёй краіны, зарадзілася разам з міжнародным фестывалем этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». На сёння такі тытул маюць больш за 10 чалавек. Званне дапаўняецца ўручэннем дыплома і статуэткі-сімвала, якая паказвае постаць каларытнага жыхара Палесся.
Звязда, 29 жніўня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/361/55747
Текущая дата: 20.11.2024