Белорусский портал в Казахстане

На Гродзеншчыне працягваецца эстафета мітынгаў «За Беларусь»



Днямі да акцыі далучыліся адразу пяць райцэнтраў. Людзі прыйшлі на гарадскія плошчы пасля рабочага дня. Тут сабраліся прадстаўнікі многіх калектываў і проста неабыякавыя мясцовыя жыхары, каб выказаць сваю пазіцыю — за мірнае жыццё, бяспечную і суверэнную дзяржаву.

У Дзятлаве людзі сабраліся на плошчы 17 верасня. Многія трымаюць у руках плакаты, на якіх надпісы «Беларусь у маім сэрцы», «Мы хочам жыць мірна». Некаторыя прыйшлі з шарамі, на якіх адбіта народная сімволіка, на іншых словы — «Я люблю Беларусь!»

— Я прыйшла сюды па закліку сэрца. Кожны дзень гляджу тэлевізар і плачу за нашу Радзіму, — падзялілася сваімі перажываннямі дзятлаўчанка Тамара Буяк. — Не дай Бог, каб Беларусь падзялілі. Мы з землякамі тут, каб гэтага не дапусціць. Як педагог не жадаю, каб беларускія настаўнікі падзяліліся на два лагеры. У нас адзіная задача — вучыць дзяцей, рабіць гэта трэба разам, у згодзе.

У Карэлічах акцыя прайшла ў фармаце канцэрта на мясцовым стадыёне «Юнацтва». На полі ўладкавана імправізаваная сцэна. На ёй — вялікі плакат з буслом, што ляціць над жытнёвым полем. Прысутныя цёпла віталі ўсіх, хто падыходзіў да мікрафона, каб выказаць сваю пазіцыю. Падзяліўся сваімі думкамі і старшыня райвыканкама Генадзь Шатуеў. Ён нагадаў, што жыхары Карэліч ужо выказалі сваю падтрымку сучаснаму курсу на акцыях у Мінску і Гродне. А цяпер яшчэ раз робяць гэта ў сваім пасёлку. Ён упэўнены, што ўсе пытанні павінны вырашацца за сталом перагавораў, а не на вулічных акцыях і пратэстах.

За мір і адзінства выступілі ашмянцы. Прадстаўнікі ўлады звярталіся да прысутных не паддавацца на правакацыі, да якіх заклікаюць апаненты. Бо галоўная мэта — гэта праца, умацаванне эканомікі сваіх прадпрыемстваў: так, як гэта зараз робяць сельскія працаўнікі. Яны штодзень працуюць на палях, збіраюць ураджай, клапоцяцца пра тое, каб людзі мелі на стале прадукты харчавання. Сярод тых, хто выказаў сваё меркаванне, былі ганаровы грамадзянін Ашмян, ветэран працы — былы малалетні вязень фашысцкага канцлагера, настаўніца, шматдзетная маці, гісторык, алімпійскі чэмпіён.

На плошчы Ратушнай сабраліся жыхары Бераставіцкага раёна. Яны прыйшлі, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю ў падтрымку міра, бяспекі і дабрабыту краіны. У руках удзельнікі акцыі трымалі плакаты «Наша сіла ў адзінстве», « За мір у нашых сем`ях», «Беларусь — наш агульны дом». Падчас выступленняў прамоўцаў людзі скандзіравалі: «Беларусь не аддадзім!»

Выйшлі на гарадскую плошчу з патрыятычнымі лозунгамі і жыхары Навагрудка. Мітынг прайшоў з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх аб`яднанняў, работнікаў прадпрыемстваў і простых гараджан, якія занепакоены будучым лёсам краіны. Многія аднадушныя ў тым, што Беларусь — гэта суверэнная дзяржава, у якой рэалізаваны цэлы шэраг праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, наладжана сучасная вытворчасць, забяспечаны сацыяльныя гарантыі для сем`яў, дзяцей, сталых грамадзян. Ашмянцы хочуць мірнага заўтра — ад бурных падзей апошніх тыдняў, здаецца, стаміліся ўсе.

— У гэты няпросты час кожны беларус павінен зрабіць усё магчымае, каб зберагчы мір і парадак у сваёй краіне. Наша Беларусь — прыгожая і незалежная дзяржава, кожнаму жыхару даступныя якасная адукацыя і медыцынская дапамога. У тых, хто добрасумленна працуе, — годны, стабільны заробак. Нам трэба памятаць, што мы адзіны народ, — нагадала жыхарка Ашмян Ліна Кармызава.

Пра тое ж гаварыла і ветэран працы Марыя Гайдус, якая 35 гадоў працавала швачкай. Яна таксама лічыць, што нечага дасягнуць у жыцці можна толькі працай. Гэтаму трэба вучыць і новае пакаленне. А яшчэ — цаніць тое, што ёсць.

Аўтар: Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 28 жніўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/362/55898
Текущая дата: 19.11.2024