Сёлета яскравага i вясёлага шэсця, як было раней, не атрымалася. Але каманда арганiзатараў не адмовiлася ад правядзення фэсту, а перанесла яго ў анлайн-фармат.
Трансляцыя вялася з iмправiзаванай пляцоўкi на беразе Нёмана. Разам з тым да гродзенцаў, якiя на ёй выступалi, далучылiся беларускiя i замежныя артысты ў вiдэафармаце.
Бiг-мiнi-фестываль без перабольшання можна назваць адным з брэндаў горада. I хоць свята значна маладзейшае i не такое маштабнае, як вядомы Фестываль нацыянальных культур, гэтая падзея становiцца значнай у гарадскiм асяроддзi. Традыцыйна ў канцы лiпеня пешаходная вулiца гiстарычнага цэнтра запаўняецца вясёлым натоўпам. Адно толькi шэсце чаго варта! Тут i музыканты, i цыркачы, i артысты арыгiнальных жанраў, i жывыя скульптуры. На леташнi фестываль сабралася амаль 300 удзельнiкаў з шасцi краiн свету. А заявак было атрымана ўдвая больш.
Сёлета ўся праграма сышла ў iнтэрнэт. Трансляцыя вялася больш за тры гадзiны. I хоць аўдыторыя ў асноўным была вiртуальная, гродзенскiя артысты выступалi на сцэне — на пляцоўцы каля Нёмана. Тут жа вядучыя шоу коратка знаёмiлi з удзельнiкамi фестывалю. Раз-пораз арганiзатары выходзiлi на сувязь з iншымi гарадамi Беларусi, а таксама замежнымi артыстамi.
Фестываль такога фармату аказаўся першым вопытам, але арганiзатары бачаць у гэтым i свае плюсы: па-першае, магчымасць пашырыць аўдыторыю, а па-другое, шанц зацiкавiць замежных артыстаў да ўдзелу ў наступным, юбiлейным фэсце вулiчнага мастацтва.
Менавiта на гэта скiроўвала сваiх вiртуальных суразмоўнiкаў арганiзатар фестывалю Настасся Роўба. Яна адзначыла, што падрыхтоўка да яго ўжо хутка i ўжо зараз можна дасылаць свае пажаданнi i заяўляць пра ўдзел.
Вядома, вулiчнае мастацтва — гэта ў значнай ступенi музыканты. Самая юная ўдзельнiца Ева Венская прадэманстравала iгру на некалькiх музычных iнструментах — флейце, трубе, саксафоне. Яна неаднойчы выступала на Бiг-мiнi-фестывалi, а таксама ўдзельнiчала ў мiжнародных конкурсах. А вось квартэт саксафанiстаў з Гродна — калектыў унiкальны. Яго кiраўнiк Сяргей кажа, што гэта першы ў горадзе такога роду вулiчны калектыў. Яны сапраўды выйшлi на вулiцу, бо апошнiя паўгода былi пазбаўлены гледачоў, не маглi сябе творча рэалiзаваць з-за адсутнасцi канцэртаў i конкурсаў. Таму музыканты вырашылi iграць на вулiцах, дзе i былi знойдзены арганiзатарамi фестывалю. Можна тут iншым разам сустрэць i музыканта Аляксандра Зiмiна, якi жартам называе свой iнструмент «лятаючая талерка». На самай справе гэта хэндпан — металiчны барабан, гiсторыя якога не налiчвае нават двух дзесяцiгоддзяў. Мiж тым iнструмент збiрае нямала прыхiльнiкаў як сярод музыкантаў, так i сярод слухачоў.
Вядома, вулiчнае мастацтва — гэта не толькi музыканты. Праграму фестывалю значна ўзбагацiлi выступленнi тэатральных калектываў. Напрыклад, малады тэатр «Гродзенская надзея» мовай пантамiмы расказаў пра тое, чаму важна не быць залежным ад мабiльнiкаў, а больш сустракацца i размаўляць асабiста. Яскравае вiдовiшча паказаў гродзенскi калектыў чэрлiдараў «Дартлi». Сваю праграму прадставiла «Свабодная студыя» — цiкавая творчая прастора, якая праводзiць канцэрты, адукацыйныя лекцыi i семiнары, танцавальныя конкурсы, фотасесii i многае iншае.
Вялiкую праграму прэзентаваў гродзенскi фрык-тэатр «Гiксаген». Яго кiраўнiк Васiль Калач растлумачыў, што вулiчны тэатр, якому пяць гадоў, любiць дэманстраваць гледачам нестандартныя нумары — напрыклад, пiрацкiя або фехтавальныя.
Анлайн-фестываль даў магчымасць пераадолець межы i ўбачыць вулiчнае мастацтва iншых краiн. Напрыклад, тэатр «Сола» з Санкт-Пецярбургу рыхтуе праграму, у аснове якой карнавальнае шэсце. Гэта цэлы спектакль, прэм`ера якога адбудзецца толькi ў жнiўнi. Магчыма, новую праграму расiйскiя артысты прывязуць на гродзенскi фестываль налета. Падчас вiдэасувязi ўдзельнiца калектыву расказала, як хочацца выступаць перад жывой аўдыторыяй, i пажадала, каб свет прачнуўся пасля пандэмii з жаданнем новых свят i фестываляў.
У анлайн-фармаце выступiў калектыў з Мiнска «Варгiн». Удзельнiкi растлумачылi, што Варгiн — гэта таямнiчы кароль катоў у мiфалогii беларусаў. Студыя аб`ядноўвае людзей, якiя апантаны любоўю да беларускай культуры, яе традыцый i спадчыны. У рэпертуары можна знайсцi спектаклi, перфомансы, майстар-класы i музычныя праграмы для дзяцей i дарослых. На гродзенскiм фестывалi прагучала палеская вясельная песня ў апрацоўцы музыкантаў.
Дзякуючы сецiву прыхiльнiкi фестывалю змаглi ўбачыць выступленнi паветранай гiмнасткi з Iрландыi, а таксама эстонскую танцорку з агню.
Трэба сказаць, што вулiчнае мастацтва набывае даволi вiдавочны «вогненны» акцэнт. Прыхiльнiкаў падобных шоу становiцца ўсё больш. Вось i на фестывалi ў Гродне сваё майстэрства прадэманстравалi Сняжана i Уладзiмiр з Вiцебска. «Вогненным» мастацтвам яны займаюцца восем гадоў i часта выступаюць на публiцы. Вогненна-музычнае шоу на тэму аповесцi Гогаля «Вечары на хутары паблiзу Дзiканькi» прадставiў анлайн-калектыў з украiнскага горада Чарнаўцы. Дзяўчаты-ўдзельнiцы расказалi, што рыхтавалася праграма паўгода. Калi будзе магчымасць, яны налета мяркуюць паказаць яе i ў Гродне на юбiлейным Х фестывалi.
А завяршыўся сёлетнi фестываль феерычным выступленнем вядомага гродзенскага тэатра агню «Эрга Бiбамус». Нумар уразiў i эфектам вогненнага дажджу, i доўгай вогненнай спiраллю, якая нагадвала ДНК. Тэатр, што называецца, паставiў яскравую кропку. Дарэчы, агенцтва «Бiбам» разам з цэнтрам культуры «Гродна» i гарвыканкамам уваходзiць у лiк арганiзатараў Бiг-мiнi-фестывалю, дэвiз якога — «Да мастацтва — скрозь рамкi».
Аўтар: Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 5 жніўня 2020
Звязда, 5 жніўня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/376/55129
Текущая дата: 19.11.2024