Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: ідзе гібрыдная вайна супраць Беларусі, і мы павінны чакаць гадасцей з любога боку



Дзяржава не дапусціць дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне ў час выбараў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў 6 жніўня на нарадзе па арганізацыі бяспекі выбарчай кампаніі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу кіраўніцтва МУС: праваахоўныя органы для недапушчэння дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне і для выяўлення падазроных асоб павінны актыўна ўзаемадзейнічаць з насельніцтвам. Прэзідэнт заўважыў, што многіх правакатараў удалося затрымаць толькі дзякуючы пільнасці грамадзян.

"Шчыра прызнаюся, і, напэўна, вы мне новага не скажаце: мы не ведаем, на што яны здольныя. Мы нават не ведаем, хто яны. Ці гэта амерыканцы з натаўцамі, ці з Украіны нас нехта падціскае, ці нас усходнія браты так моцна "любяць" - мы нават не ведаем. Ідзе гібрыдная вайна супраць Беларусі, і мы павінны чакаць гадасцей з любога боку. Што мы, дарэчы, і робім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.



Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі ўжо затрымана нямала людзей, якія - і гэта ўжо даказана - ставілі перад сабой мэту дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. І размова далёка не толькі аб затрыманні членаў ПВК.

"Вядомы імёны, прозвішчы, адрасы, паролі, яўкі. Да цудаў часам даходзіць. Сродкі масавай інфармацыі насцярожваюць нас, што нас тут хочуць захапіць амерыканцы, натаўцы. Некаторых людзей затрымалі з амерыканскімі пашпартамі, жанатых з амерыканкамі, якія працуюць у Дзярждэпе. Але са штыкамі наперавес іх абараняюць расійскія кіраўнікі", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што ў гэтых хітраспляценнях усё вырашаюць грошы і прыналежнасць да той ці іншай краіны або партыі не мае значэння.

"Не важна, амерыканец, дзярждэпавец, прыналежнасць у цябе да дэмакратычнай партыі... Удзельнічалі ў перадвыбарнай кампаніі ў Расіі, атрымалі за гэта добрыя грошы. Сёння хайпуюцца (хайпаваліся) на тэрыторыі Беларусі. Я думаю: амерыканцы пачнуць іх цяпер абараняць. Нічога падобнага, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Грошы засцілаюць вочы, пазелянелі ад гэтых грошай: хто плаціць, за таго і спяваю. Вось адзіная разгадка. І ў нас такіх людзей нямала".

Прэзідэнт расказаў, што ўважліва сочыць за ходам выбарчай кампаніі. На яго думку, вельмі шмат людзей пайшло на датэрміновае галасаванне, таму што яны насцярожыліся і зразумелі, што могуць страціць краіну, але страціць яе не хочуць.

"Тут некаторыя прадаўжаюць зваць людзей на майдан 9-га і 10-га. Не дай бог мы распалім вогнішча ў цэнтры Мінска і будзе раскідваць галавешкі па ўсім Мінску. Гэтага мы дапусціць не можам і не дапусцім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

6 жніўня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/376/55134
Текущая дата: 19.11.2024