Белорусский портал в Казахстане

Магiлёўскiя дэпутаты разам з мясцовай уладай i грамадскасцю ўстанавiлi ў Казiмiраўцы памятны знак



Сёння ад 25-кiламетровай лiнii абароны, якая праходзiла лiтаральна на ўездзе ў сучасны Магiлёў з боку Мiнска, захаваўся толькi невялiкi ўчастак. Ён знаходзiцца амаль на ўскрайку лесу i да нядаўняга часу нiяк не быў абазначаны.

— Размовы пра тое, каб устанавiць тут памятны знак, вялiся i раней, але атрымалася толькi цяпер, — кажа дэпутат Магiлёўскага гарсавета Галiна Бяляева.  — Я звярнула ўвагу дэпутатаў на неабходнасць рэалiзаваць гэтую iдэю, i яны мяне падтрымалi. Старшыня гарсавета Максiм Гурын асабiста вырашаў шмат арганiзацыйных момантаў — дамаўляўся, тлумачыў, прасiў. I нам дапамагалi — выканаўчая ўлада, грамадскiя арганiзацыi, жыхары горада. Напэўна, таму атрымалася зрабiць гэтую справу ўсяго за два месяцы.

Пачыналi з суботнiка, бо месца было, мякка кажучы, занядбанае: гараджане па сваiм няведаннi выкарыстоўвалi яго для адпачынку i пасля сябе часта пакiдалi смецце. Актывiсты сабралi тут амаль машыну розных адходаў.

Наводзiць парадак дапамагалi камунальнiкi, навучэнцы з настаўнiкамi з блiжэйшага вучылiшча, прадстаўнiкi магiлёўскага абласнога гiсторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Вiккру».

У гарвыканкаме падтрымалi прапанову дэпутатаў пазначыць месца гераiчнай абароны каменем. Галiна Бяляева асабiста аб`ехала ўвесь Магiлёў у пошуках прыдатнага экзэмпляра. Увагу прыцягнуў вялiкi валун, што ляжаў на беразе Дняпра. Як потым высветлiлася, ён быў з уральскага мармуру. Калiсьцi пастаўкамi гэтага каменю ў Магiлёў займалася адна арганiзацыя. Яе ўжо даўно няма, а камень незвычайным чынам захаваўся. Калi зрэзалi адзiн бок, каб нанесцi надпiс, былi ўражаны яго высакародным аранжавым з бардовым колерам...

Дарэчы, на арганiзацыю i рэалiзацыю iдэi не было выдаткавана нiводнай капейкi з бюджэту. Кожны дапамагаў, чым мог. Магiлёўскi мастак Уладзiмiр Конанаў, напрыклад, зрабiў перад памятным каменем кветку, якая сiмвалiзуе вечны агонь. Арганiзацыя «Белая Русь» перадала грошы на выраб пастамента i на плiтку, якой выбрукавана пляцоўка.

Надпiс на каменi сведчыць, што тут у лiпенi 1941-га мужна трымалi абарону падраздзяленнi 394-га i 514-га стралковых, а таксама 493-га гаўбiчнага артылерыйскага i 340-га лёгкаартылерыйскага палкоў Чырвонай армii. А яшчэ напiсана, што «Нямецкiя танкi падчас абароны горада так i не змаглi пераадолець гэтую мяжу».

— Гэта сапраўды так, — пацвярджае кiраўнiк Магiлёўскага абласнога гiсторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Вiккру» Мiкалай Барысенка. — Гэтую дарогу прыкрывалi байцы 493-га гаўбiчнага артпалка Iвана Жывалупа. А сам герой падчас жорсткага бою кiнуўся на нямецкi танк са звязкай гранат i загiнуў. Танкi тут дакладна не прайшлi — немцы абышлi гэты ўчастак.

Сёлета пошукавiкi клуба «Вiккру», лiчы, за кiламетр ад гэтага месца паднялi астанкi васьмi байцоў. Але, як мяркуе Мiкалай Барысенка, у тутэйшай зямлi можа знаходзiцца не адна сотня салдат i камандзiраў, i яшчэ шмат давядзецца працаваць, каб аднавiць гiсторыю падзей.

Сёння гэта адзiны на тэрыторыi Магiлёва аўтэнтычны, не стылiзаваны супрацьтанкавы роў. Яго магiляўчане капалi ў чэрвенi—лiпенi 1941-га, каб абаранiць свой горад ад варожага нашэсця. Ад гэтай шматкiламетровай траншэi захавалася ўсяго 150 метраў, i тое, што цяпер пра гэта нагадвае памятны знак, вельмi важна. Але, па сутнасцi, трэба было б захаваць для гiсторыi ўвесь 150-метровы ўчастак. Небяспека ў тым, што горад развiваецца i з гэтым могуць узнiкнуць праблемы.

— На добры лад, трэба было б надаць гэтаму рову статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, — лiчыць Мiкалай Барысенка. — Гэта адзiны спосаб захаваць гiстарычны аб`ект для нашчадкаў. Не трэба рабiць нiякiх работ па кансервацыi: галоўнае — абазначыць месца i ўзяць пад ахову.

Памятны знак у гонар абаронцаў быў устаноўлены напярэдаднi Дня Незалежнасцi краiны. Данiну памяцi тым, хто да апошняга трымаўся на гэтых гарачых пазiцыях у лiпенi 1941-га, аддалi прадстаўнiкi магiлёўскай улады, грамадскасць, жыхары горада.

Аўтар: Нэлi Зігуля
Звязда, 10 ліпеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/389/54751
Текущая дата: 19.11.2024