Белорусский портал в Казахстане

"Супраць мяне загадзя фабрыкавалі справу



Томаш Шміт аб праследаванні з боку польскіх спецслужбаў.

У праекце "У тэме" на YouTube-канале БЕЛТА польскі дысідэнт, суддзя Томаш Шміт паведаміў, што супраць яго загадзя фабрыкавалі крымінальную справу ў Польшчы за яго палітычную пазіцыю.

"Я спадзяюся, што для некаторых палякаў я стану пазітыўным прыкладам. Няхай яны бачаць, што дастаткова сказаць пару слоў праўды - і ўвесь дзяржаўны апарат будзе накіраваны супраць аднаго чалавека. Думаю, тыя, хто здольны самастойна думаць, прыйдуць да высновы, што мой учынак быў сапраўды неабходным, што гэта будзе карысна для Польшчы. Для звычайных людзей гэта будзе важны жэст", - сказаў Томаш Шміт.

Польскі суддзя расказаў, што яшчэ ў час знаходжання ў Польшчы зведваў націск: "Мне паступалі тэлефонныя пагрозы. Да мяне падыходзілі незнаёмыя людзі і гаварылі, каб я выбіраўся ў Англію або Амерыку. Акрамя таго, быў сігнал ад маіх сяброў, якія сказалі, што спецслужбы ўжо фабрыкуюць супраць мяне справу".

Томаш Шміт адзначыў, што стараўся не выказваць сваю думку аб неабходнасці нармалізаваць адносіны Польшчы з Беларуссю і Расіяй публічна. Тым не менш ён выказаў яе некаторым знаёмым. "Відаць, у нейкі момант у пэўным асяроддзі прынялі рашэнне, што гэта небяспечна", - лічыць ён.

"З таго, што ўжо напісалі ў медыя, і з таго, што расказвалі мне сябры, выходзіць, што супраць мяне сапраўды загадзя фабрыкавалася справа", - дадаў польскі суддзя.

Томаш Шміт - суддзя 2-га аддзялення ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы. Раней займаў розныя пасады ў судовай сістэме і органах юстыцыі Польшчы. З’яўляўся кіраўніком юрыдычнага аддзела ў Нацыянальным савеце суддзяў Польшчы.

З-за нязгоды з палітыкай і дзеяннямі ўлад вымушана пакінуў Польшчу і цяпер знаходзіцца ў Беларусі. Яму пагражалі і праследавалі за самастойную палітычную пазіцыю.

11 траўня 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/39/74039
Текущая дата: 26.12.2024