Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка і Герман Грэф адкрылі ў Мінску ўнікальны фантан



Вітаючы жыхароў і гасцей Мінска ў парку імя Купалы, Аляксандр Лукашэнка назваў яго адным з самых прыгожых месцаў сталіцы.

«Гэта парк з дзіўнай гісторыяй. Ён быў адкрыты 70 гадоў таму. Задумайцеся: 1949 год, краіна яшчэ не аправілася пасля вайны, многія жывуць у зямлянках, але людзі цягнуцца да прыгожага, закладваюць парк. Сёння, у Дзень Незалежнасці Беларусі, мы, як і дамаўляліся з нашым добрым сябрам, сябрам нашай Беларусі Германам Грэфам, адкрываем тут мультымедыйны фантан», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў упэўненасць, што сталічная набярэжная Свіслачы, якая зайграла новымі колерамі, стане цэнтрам прыцягнення для моладзі, новай пляцоўкай для рэалізацыі цікавых праектаў.

«Я вельмі хачу, каб іх было як мага больш — цікавых, дынамічных, крэатыўных, такіх, якія зробяць жыццё горада яшчэ больш яркім. Безумоўна, гэты святочны летні вечар належыць сёння нашай моладзі — хай ён падорыць усім вам незабыўныя ўражанні і стане пачаткам новай культурнай гісторыі начнога Мінска», — пажадаў кіраўнік дзяржавы.

Герман Грэф у сваю чаргу павіншаваў беларусаў з Днём Незалежнасці па-беларуску, і Прэзідэнт Беларусі і старшыня праўлення Ашчадбанку разам здзейснілі сімвалічны запуск новай сталічнай славутасці.

Святломузычны фантанны комплекс – мультыфарматная адукацыйная пляцоўка, тэхналагічны аб`ект са складаным праграмным забеспячэннем, абсталяваны відэа і лазернай устаноўкай для праецыравання малюнка на водны экран. Прымяненне сучаснага праграмнага забеспячэння дазваляе ствараць водныя, светлавыя і музычныя шоу.

Комплекс выкананы ў форме прамавугольніка даўжынёй 90 метраў і шырынёй 16 метраў, уяўляе сабой металічны каркас з модулямі плавучасці з нержавеючай сталі і насцілам, на які ўстаноўлена тэхналагічнае абсталяванне фантана.

Водную феерыю ўтвараюць каля 200 струменяў, якія падымаюцца на вышыню да 30 метраў.

Аўтар: Варвара Марозава
Звязда, 4 ліпеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/391/54424
Текущая дата: 19.11.2024