Напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята сучаснай Беларусі ў Палацы Незалежнасці адбылося ўзнагароджанне заслужаных людзей краіны. Высокія адзнакі ўручыў кіраўнік дзяржавы. На цырымонію запрошаныя 39 прадстаўнікоў самых розных сфер.
«Гледзячы на вас, я адчуваю гонар і самую глыбокую падзяку», — звярнуўся да запрошаных Прэзідэнт.
Ён заўважыў, што сёння ва ўсіх трайное свята: «Па-першае, вы ўдастоеныя дзяржаўных узнагарод за выдатныя прафесійныя дасягненні, якія праслаўляюць Беларусь, упісваюць у яе сучасны летапіс яркія незабыўныя старонкі. Па-другое, асаблівую ўрачыстасць гэтай сустрэчы надае тое, што ўзнагароджанне адбываецца напярэдадні найважнейшага ў гісторыі беларускай суверэннай дзяржавы дня — Дня Незалежнасці. Па-трэцяе, у 2020 годзе ўвесь свет адзначае 75-годдзе Вялікай Перамогі ў Другой сусветнай вайне. Нізка кланяемся ветэранам. І добра памятаем, што беларусы — нашчадкі гераічнага савецкага народа-пераможцы».
У гарніле найстрашнейшай гуманітарнай катастрофы наша краіна страціла траціну насельніцтва, нагадаў Прэзідэнт. Але ён упэўнены — ў дзецях і ўнуках беларусаў, у іх прафесійных поспехах — частка бяссмяротнасці герояў той вайны.
«Радасна, што сярод запрошаных — прадстаўнікі самых розных прафесій, людзі, якія беззаветна служаць Радзіме, — адзначыў ён. — У гэтай залі прысутнічае палкоўнік Аляксандр Высоцкі. Ён прысвяціў сваё жыццё барацьбе з наркотыкамі. У 2019 годзе пад яго кіраўніцтвам праведзеная міжнародная аперацыя па канфіскацыі самай буйной у гісторыі незалежнай Беларусі партыі гераіну — 550 кілаграмаў».
Адна гэта аперацыя, па словах беларускага лідара, выратавала дзясяткі тысяч жыцяў не толькі ў Белаурсі, але і ў Еўропе, Азіі.
«Наша сістэма аховы здароўя выстаяла»
«Зараз на перадавой праз каранавірусную інфекцыю аказаліся медыкі, — працягнуў кіраўнік дзяржавы. — Беларусь прадэманстравала палітычную цвярозасць. Наша сістэма аховы здароўя выстаяла. Але мы не зніжаем градус барацьбы, хоць ужо сёння можна сказаць — мы перамаглі».
Прэзідэнт сказаў, што пасля канчатковай перамогі над COVID-19 трэба арганізаваць асобную сустрэчу з урачамі, якія сёння ўсё яшчэ змагаюцца з эпідэміяй. А пакуль ён уручыў узнагароды ваенна-палявому хірургу, прафесару Уладзіміру Корыку, які робіць унікальныя аперацыі і фактычна выратоўвае жыцці людзей, рэктару Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта прафесару Віктару Сняжыцкаму.
«Аграпрамысловая галіна з’яўляецца сістэмаўтваральнай у эканоміцы нашай краіны»
«Мы вельмі цэнім працу сяльчан, іх нямала ў гэтай залі, — дадаў Прэзідэнт. — Дзякуючы вашай працы аграпрамысловая галіна з’яўляецца сістэмаўтваральнай у эканоміцы нашай краіны».
Гэтай вясной з-за наступстваў віруса далёка не ўсе краіны правялі паўнавартасную пасяўную і цяпер вельмі шмат каму пагражае голад, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
«Па ацэнцы Арганізацый Аб’яднаных Нацый ад 800 мільёнаў да мільярда насельніцтва будуць галадаць. Вы ж зрабілі ўсё магчымае, каб ў Беларусі, як кажа народная мудрасць, быў «і хлеб, і да хлеба», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У каронакрызіс устаяла не толькі сельская гаспадарка, але і беларуская прамысловасць, працягнуў лідар.
«І мне прыемна бачыць тут прадстаўнікоў беларускіх брэндавых прадпрыемстваў, такіх як «Керамін», чыя прадукцыя карыстаецца папулярнасцю ў рэспубліцы і за яе межамі».
Цёплыя словы з вуснаў Прэзідэнта прагучалі ў адрас тых, хто працуе ў сферы культуры і мастацтваў, работнікаў сацыяльнай сферы, навукі і адукацыі.
«Вашы дасягненні і мудрае настаўніцтва дапамагаюць вырасціць маладых спецыялістаў, годную змену героям сённяшняга дня. Забяспечваюць пераемнасць пакаленняў, — сказаў ён. — Уменне разглядзець у дзяўчынках і хлопцах прыродны алмаз і пераўтварыць яго ў яскравы брыльянт — задача трэнераў. Менавіта яны ў тандэме з атлетамі, якія выступаюць, ствараюць Беларусі славу спартыўнай дзяржавы, дзе жывуць моцныя, разумныя і паспяховыя людзі».
Аляксандр Лукашэнка назваў прысутных і ўвесь беларускі народ — галоўным багаццем дзяржавы.
«Беларуская зямля стагоддзямі славілася талентамі. І ўсцешна, што сёння мы працягваем выконваць божую задуму: ствараем сваё шчасце ўласнымі рукамі», — рэзюмаваў ён.
Начальнік аддзела па барацьбе з міжнародным наркатрафікам Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі палкоўнік Аляксандр Высоцкі: У нас добры вопыт у барацьбе з наркатычнымі рэчывамі
«Узнагарода — за нашы намаганні, нашага калектыву, невялікага, але эфектыўнага. За перакрыццё каналаў пастаўкі ў Беларусь наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх транзіту», — расказаў журналістам начальнік аддзела па барацьбе з міжнародным наркатрафікам Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі палкоўнік Аляксандр Высоцкі.
Ён атрымаў з рук Прэзідэнта ордэн «За службу Радзіме» ІІІ ступені.
«Нам удалося канфіскаваць не аднойчы буйныя партыі наркотыкаў; летась гэта амаль 700 кілаграмаў за два выпадкі — 550 кілаграмаў афганскага гераіну і 130 кілаграмаў гашышу, якія рухаліся праз нашу краіну ў іншыя дзяржавы», — дадаў палкоўнік.
Аляксандр Высоцкі служыць у сферы барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў больш за 15 гадоў.
Па яго словах, за гэты перыяд сітуацыя кардынальна мянялася: было і дрэнна, і не так дрэнна. Зараз колькасць нарказлачынстваў скарацілася ў разы, аднак «разам з тым рызыкі застаюцца».
Палкоўнік лічыць, што больш жорсткае заканадаўства ў гэтай сферы выканала сваю станоўчую ролю і было своечасовым.
«У нас добрая практыка ў барацьбе з наркатычнымі рэчывамі, — адзначыў ён. — Мы навучыліся з гэтым змагацца, наш досвед пераймалі Казахстан і Расія. Вельмі цікавіліся Украіна, заходнія краіны».
Дырэктар Музея гісторыі тэатральнай музычнай культуры Зінаіда Кучар: Культура ўплывае на фармаванне самасвядомасці дзяцей
Дырэктар Музея гісторыі тэатральнай музычнай культуры Зінаіда Кучар узнагароджана званнем Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.
«Без культуры, асабліва музейнай сферы, не зможа народ зразумець, навошта захоўваць тое, што было», — падзялілася яна з журналістамі сваімі думкамі.
Зінаіда Кучар працуе ў музейнай сферы 48 гадоў. Яна стварала экспазіцыі музея, які ўзначальвае, а таксама музея Уладзіміра Мулявіна ў філармоніі і музея-сядзібы Агінскага ў Залессі.
«Наш музей скіраваны на аднаўленне тых эмоцый, якія людзі атрымліваюць, калі наведваюць музычныя ўстановы, тэатры, бо спектакль жыве, пакуль ідзе на сцэне, а застаецца памяць, легенда, якую мы захоўваем, — расказала яна. — Мы імкнёмся да таго, каб людзі пасля наведвання нашага музею захацелі пайсці ў тэатр і паглядзець выключныя пастаноўкі. У нашых асноўных наведвальнікаў — дзяцей — мы абуджаем разуменне таго, што і музыка, і тэатр, і ўвогуле наша беларуская культура ўплывае на фарміраванне іх самасвядомасці».
«Я прадстаўляю і навуку, і адукацыю, — падзяліўся загадчык кафедры гісторыі новага і найноўшага часу БДУ Уладзімір Кошалеў. — Наш неспакойны і непрадказальны час прад’яўляе высокія патрабаванні да гэтых сфер, як і да іншых, такіх як эканоміка, напрыклад. Я спадзяюся, што разам з суседзямі: Расіяй, краінамі СНД, Еўразійскага эканамічнага саюза, ды і не толькі з нашымі гістарычнымі суседзямі, але ў сістэме, комплексе з усімі краінамі, якіх бы пазіцый яны ні трымаліся, — мы вырашым праблемы, якія паўстаюць. Час патрабуе сумесных намаганняў».
Аўтар: Вольга Мядзведзева
Звязда, 2 ліпеня 2020
Звязда, 2 ліпеня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/392/54391
Текущая дата: 19.11.2024