Белорусский портал в Казахстане

Дзеці Данбаса, якія атрымалі мінна-выбуховыя раненні, прыехалі на аздараўленне ў Беларусь



Група дзяцей Данбаса, якія атрымалі мінна-выбуховыя раненні, прыехала на аздараўленне і рэабілітацыю ў Беларусь.

Першы прыпынак у Беларусі - Гомель. На пероне чыгуначнага вакзала дзяцей 9-17 гадоў і іх бацькоў сустракалі з духмяным караваем, падарункамі і цёплымі прывітаннямі прадстаўнікі дабрачыннага фонду Аляксея Талая, грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў Гомеля і вобласці, а таксама валанцёры і творчы калектыў.

"Як дарога? Як дабраліся?", - пацікавіліся гамяльчане ў дзяцей. "Усё цудоўна", - бадзёра адказалі яны.

Як расказала прадстаўнік дабрачыннага фонду Аляксея Талая па Гомелі і Гомельскай вобласці Юлія Малава,  гэта першая група дзяцей, прыезд якіх арганізаваны па спецыяльнай рэабілітацыйнай праграме фонду.

"Гэта рэабілітацыйная праграма для дзяцей, якія пацярпелі ад мінна-выбуховых раненняў. Яна рэалізуецца пры падтрымцы старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і спікера Савета Федэрацыі Расіі Валянціны Мацвіенка", - удакладніла Юлія Малава.

"Калі даведаўся, што ёсць такая магчымасць адпачыць у вашай краіне, адразу вырашыў: паеду. Прыехаў у Беларусь з добрым настроем. Раней тут не быў, але вельмі хачу паглядзець славутыя мясціны. Мама гаворыць, што ў Беларусі ёсць запаведнікі. Мне гэта цікава. Плюс тут я адпачну ад той абстаноўкі, якая ў нас дома", - падзяліўся Кірыл Цялегін з Данецка.

З Лісічанска на аздараўленне прыехаў 15-гадовы Святаслаў Рычкоў са саёй маці Аленай Мікалаеўнай. У хлопца асколачнае раненне ў лёгкія, не рухаецца рука. "13 асколкаў яшчэ ў лёгкіх знаходзяцца, выдалілі толькі тры. Аб тым, што здарылася, ён размаўляць не хоча. Яму яшчэ цяжка", - адзначыла маці.

Сям`я ў Беларусі таксама ўпершыню. "Мы шмат чулі пра вашу краіну, хацелася ўбачыць на ўласныя вочы", - расказала Алена Рычкова.

"Першыя ўражанні - самыя лепшыя. Не чакалі такой цёплай, гасціннай сустрэчы. Тут мы хочам адпачыць, набрацца сіл, паглядзець цікавыя мясціны і, вядома, маральна пераключыцца ад таго, што адбываецца ў нас", - дадала яна.

"Дарагія нашы сябры, вельмі хочацца, каб тыя дні, якія вы праведзяце ў Беларусі, засталіся ў вашай памяці надоўга. І помніце, што Беларускі саюз жанчын, усе арганізацыі, увесь горад, уся вобласць заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі", - падкрэсліла старшыня Цэнтральнай раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жачын" Гомеля Людміла Шымбалева.

Аздараўленне і рэабілітацыю дзеці Данбаса будуць праходзіць у санаторыі "Дубровенка" Магілёўскага раёна. "У Беларусі дзеці сустрэнуць вялікае свята - Дзень Перамогі. Для іх падрыхтавана насычаная культурна-забаўляльная праграма, экскурсіі. Запланаваны матывацыйныя сустрэчы з Аляксеем Талаем, заняткі па паралімпійскіх відах спорту і шмат іншага", - адзначыла прадстаўнік дабрачыннага фонду.

"Самае галоўнае - рэабілітацыйная праграма прадугледжвае, што мы будзем суправаджаць дзяцей і ў далейшым, да ўстойлівых дасягненняў - стварэнне сям`і і нараджэнне дзяцей, паступленне для далейшай вучобы і працаўладкаванне, адкрыццё ўласнай справы", - сказала на заканчэнне Юлія Малава.

8 траўня 2024, Гомель
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/40/73977
Текущая дата: 26.12.2024