Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: Майданаў у Беларусі не будзе



Прэзідэнт Беларусі правёў сустрэчу са старшынём Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыем Вакульчыкам. Ён адзначыў, што «ў Беларусі ведаюць, адкуль дзьмуць вятры на яе зямлю, і ў краіне навучыліся з імі змагацца».

«Мы гатовыя да любых вятроў, тым больш у свой час вывучаючы гісторыю нашай дзяржавы, савецкую гісторыю вы таксама ведаеце, што на Беларусь ветры дзьмулі з розных бакоў», — пачаў размову з Валерыем Вакульчыкам Прэзідэнт.

Значным адрозненнем сённяшняга этапа развіцця дзяржаўнасці, па меркаванні кіраўніка краіны, з’яўляецца тое, што краіна навучылася змагацца з гэтымі вятрамі. «Тады мы змагацца не ўмелі. Таму не мелі і суверэннай, і незалежнай дзяржавы. Заўсёды нас дзялілі на часткі. Далучалі кавалкамі то да адной зямлі, то да другой. Вы ведаеце, што да мінулай вайны мы фактычна былі падзеленыя. Таму сёння гэтага дапусціць нельга. Дзяржаўная бяспека — гэта аснова асноў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта, ён дасканала ведае мэты, якія пераследуюць «ветрадзьмуі»: «Гэтыя мэты нам вядомыя: зладзіць нам майданчык напярэдадні ці ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, як атрымаецца ў іх. Так яны планавалі. На гэтай сустрэчы хачу вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых «майданутых» хачу папярэдзіць, што майданаў у Беларусі не будзе».

Па меркаванні Прэзідэнта, недарэчна праводзіць аналогіі і параўноўваць тое, што адбываецца ў Беларусі з некаторымі папярэднімі падзеямі ў Арменіі ці Украіне. 

«Не трэба нас параўноўваць, як нядаўна газета суседняй краіны пісала, што тут у нас з’явіліся новыя Пашыняны, новыя Зяленскія і ў нас ледзь не сітуацыя не тое як у Арменіі, не тое як ва Украіне. Павінен сказаць, што сітуацыя па-рознаму можа складвацца. Толькі ў нас няма Пашынянаў і Зяленскіх. Як бы там ні адбываліся ў Арменіі і Украіне падзеі, усё-такі гэта людзі таленавітыя, і Зяленскі, і Пашынян. Я ўжо з імі блізка пазнаёміўся, гэта людзі таленавітыя, безумоўна, а галоўнае — патрыёты сваёй краіны. Яны адданыя сваёй краіне, а некаторыя нашы хочуць за капейку прадаць усё, што тут было створана не толькі Прэзідэнтам Лукашэнкам і ўладай, а было створана народам. Таму гэтага дапусціць нельга», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніколі не дапусціць дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. «Мы нікому не будзем закрываць рот. Калі ласка — вызначаны месцы ў Мінску і ва ўсіх гарадах, дзе можна весці дыскусію. Па-мойму, у Мінску гэта шэсць кропак».

Для дыскусіі будуць створаныя адпаведныя месцы. Улады будуць іх кантраляваць, а Камітэт дзяржбяспекі і міліцыя не павінныя дапускаць парушэння закона, праінфармаваў Прэзідэнт. «Мы не павінны дапусціць, каб рознага кшталту банды і шайкі крымінальнікаў бадзяліся па краіне з закасанымі рукавамі», — дадаў ён.

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што да тых, хто па законе праходзіць гэты перыяд, будуць адносіцца з павагай.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся бачаннем КДБ эканамічнай, харчовай, ваеннай абстаноўкі і бяспекі ў краіне. Па яго словах, перыяд ўскладняецца тым, што адна пандэмія накладаецца на другую.

«Адна пандэмія ў сферы аховы здароўя. Дзякуй богу, што мы патроху пераадольваем яе. Тут ужо не скажаш, што мы хлусім. Ідзіце ў бальніцы, глядзіце. Наклалася на гэта і палітычная пандэмія ў сувязі з выбарамі, эканамічная пандэмія — крызіс ва ўсім свеце. Не наша віна, бяда наша. І шэраг іншых пандэмій, якія ходзяць каля нашых межаў, але пакуль баяцца сунуць сюды нос. Мы з гэтымі пандэміямі павінны справіцца. Я ўжо не называю інфапандэмію», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Валерый Вакульчык запэўніў Прэзідэнта: нічога нечаканага і незвычайнага для спецслужбаў не адбываецца. КДБ быў падрыхтаваны да развіцця пэўных падзей, падкрэсліў ён.

«Нічога дзіўнага і нечаканага зараз не адбываецца і не адбылося. Мы ведалі пра гэта і загадзя дакладвалі вам гэту інфармацыю. Адзінае — могуць быць нейкія выключнасці», — далажыў Прэзідэнту старшыня КДБ.

Аўтар: Марыя Дадалка
Звязда, 1 чэрвеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/403/53851
Текущая дата: 18.11.2024