Аб гэтым паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці.
Баранавіцкая міжраённая пракуратура падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачанне ў адносінах васьмі жыхароў Баранавічаў і Нясвіжскага раёна, якім інкрымінаваны актыўны ўдзел у масавых беспарадках у 2020 годзе.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаныя — сем мужчын і адна жанчына ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў — 9 і 10 жніўня 2020 года ўдзельнічалі ў цэнтры Баранавічаў у незаконных пратэстных акцыях. У прыватнасці, знаходзячыся на праезнай частцы вуліцы Камсамольскай у Баранавічах і дзейнічаючы ў групе з іншымі асобамі, гэтыя грамадзяне груба парушылі грамадскі парадак і наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый. Іх дзеянні былі спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў аб спыненні супрацьпраўных паводзін. Сярод абвінавачаных — двое грамадзян з непагашанай і нязнятай судзімасцю. Пры гэтым пяць з іх у момант учынення злачынства былі ў стане алкагольнага ап’янення.
Усе фігуранты прызналі, што здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні падчас удзелу ў масавых беспарадках, што таксама пацверджана ідэнтыфікацыяй іх асобы з дапамогай запісаў з камер відэаназірання.
З улікам прадстаўленых дзяржаўным абвінаваўцам доказаў суд Баранавіцкага раёна і Баранавічаў вынес абвінаваўчы прысуд. На падставе ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса сямі абвінавачаным прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрміны ад 1 да 3 гадоў. Пры гэтым зыходзячы з таго, што адзін з абвінавачаных раней за 11 разоў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за забойства, яму па сукупнасці злачынстваў прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 25 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму. Да жанчыны прыменены палажэнні ч.1 арт.93 Крымінальнага кодэкса — ёй дадзена адтэрміноўка выканання пакарання да дасягнення яе дзіцем трохгадовага ўзросту.
Прыгавор не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Звязда, 3 красавіка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/41/73482
Текущая дата: 16.11.2024