Белорусский портал в Казахстане

Абноўленая Рэспубліканская дошка Гонару адкрылася ў Мінску



Абноўленая Рэспубліканская дошка Гонару адкрылася 30 красавіка ў Мінску напярэдадні Свята працы.

"2019 год, асабліва ў святле падзей, што адбываюцца цяпер, бачыцца вельмі добрым. Якасныя вынікі нашага эканамічнага развіцця, якіх удалося дабіцца, сёння нам дапамагаюць у якасці падушкі бяспекі для нівеліравання тых негатыўных наступстваў, з якімі сутыкнулася наша эканоміка. Сярод гэтых вынікаў - золатавалютныя рэзервы, прафіцыт бюджэту, высокія паказчыкі па рэальных грашовых даходах насельніцтва. У цэлым усе базавыя галіны нашай эканомікі ў мінулым годзе добра спрацавалі: і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і транспарт, і будаўніцтва. Яны забяспечылі прымальныя тэмпы эканамічнага росту", - сказаў першы намеснік прэм`ер-міністра Дзмітрый Крутой.

Па выніках работы за 2019 год на Рэспубліканскую дошку Гонару занесены 62 пераможцы спаборніцтваў. У іх ліку 12 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, 10 арганізацый прамысловасці, тры арганізацыі, якія вядуць дзейнасць у будаўніцтве, дзевяць арганізацый сельскай і рыбнай гаспадаркі, дзве - лясной гаспадаркі, 26 - сферы паслуг (гандлю, транспарту, адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання, навукі і іншых).

Найлепшых вынікаў у выкананні асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод абласцей і Мінска дасягнулі Мінская вобласць, Мінск і Брэсцкая вобласць; сярод раёнаў - Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці, Мазырскі раён Гомельскай вобласці, Камянецкі раён Брэсцкай вобласці, Магілёўскі раён, а таксама Мінскі і Чэрвеньскі раёны Мінскай вобласці; сярод гарадоў і раёнаў у гарадах - Першамайскі і Цэнтральны раёны Мінска, Наваполацк.

"Хочацца асобна адзначыць сферу аховы здароўя. Выказана прапанова, каб наступны раз было больш пераможцаў і намінантаў менавіта з гэтай галіны. Урачы паказалі бяспрыкладны гераізм на фоне барацьбы з пандэміяй", - адзначыў першы віцэ-прэм`ер.

Занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару з`яўляецца грамадскім прызнаннем працы грамадзян і калектываў прадпрыемстваў, якія ўнеслі важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё і дабрабыт краіны.

Звязда, 30 красавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/414/53197
Текущая дата: 18.11.2024