З 8 па 11 красавіка ў Беларусі працавала місія Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая наведала Беларусь па запрашэнні кіраўніцтва краіны. Мэта яе візіту - ацаніць распаўсюджанасць каранавіруса і меры, якія прымаюцца для барацьбы з інфекцыяй.
Прадстаўнікі СААЗ наведалі медыцынскія ўстановы Мінска і Мінскай вобласці, а таксама Віцебскі рэгіён. У суботу місія СААЗ падзялілася сваімі высновамі па выніках візіту з журналістамі.
Прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначыў, што місіі быў прадастаўлены доступ да ўсёй неабходнай інфармацыі, і яе члены маглі ўносіць свае прапановы і змяняць маршрут.
— Члены дэлегацыі звярталі ўвагу на самыя розныя аспекты — эпідэміялагічны нагляд, лабараторную службу, вядзенне пацыентаў, меры інфекцыйнага кантролю. Мы мелі магчымасць сустрэцца не толькі са спецыялістамі сектара аховы здароўя, але і з прадстаўнікамі МУС, Дэпартаменту выканання пакаранняў, таксама наведалі ўстановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, — расказаў Батыр Бердыклычаў.
Кіраўнік місіі СААЗ Патрык О’Конар адзначыў, што падчас знаходжання ў Беларусі назіраўся імклівы рост выпадкаў — у два разы кожныя 2-3 дні.
— Беларусь уваходзіць у новую фазу — выпадкі заражэння адзначаюцца на ўзроўні згуртаванняў. Сітуацыя выклікае непакой. Таму нашы рэкамендацыі ўсім краінам такія: захоўваць прыхільнасць і комплексны падыход для стрымлівання інфекцыі.
Ён высока ацаніў тыя меры, якія прымае Беларусь для выяўлення выпадкаў, адсочвання кантактаў і ізаляцыі інфіцыраваных.
— Ёсць шмат краін, якія б хацелі аказацца на месцы Беларусі. Тое, што робіць Беларусь — адпраўная кропка належнага эпіднагляду і разуменне таго, якія маштабы эпідэміі ў краіне. Беларусь павінна працягваць рабіць тое, што ў яе добра атрымліваецца.
Але ў сувязі з тым, што Беларусь уваходзіць у новы сценарый, прадстаўнікі СААЗ прапанавалі дадаць да тых мер, якія ўжо прадпрымаюцца, фізічнае дыстанцыянаванне. Кіраўнік місіі падкрэсліў, што гэта не абавязкова прадугледжвае каранцін.
Фізічнае дыстанцыянаванне — гэта адмова ад правядзення масавых мерапрыемстваў, у тым ліку культурных і спартыўных, пазбяганне неабавязковых кантактаў, забеспячэнне каранціну кантактных асоб.
Фізічнае дыстанцыянаванне — гэта адмова ад правядзення масавых мерапрыемстваў, у тым ліку культурных і спартыўных, пазбяганне неабавязковых кантактаў, забеспячэнне каранціну кантактных асоб.
— Час рыхтавацца да горшых сцэнарыяў. Гэта будзе забег на доўгую дыстанцыю, а не спрынт, — падкрэсліў Патрык О’Конар. — Патрэбна 12-18 месяцаў, каб справіцца з распаўсюджаннем інфекцыі. СААЗ выказвае сваю падтрымку Беларусі.
Асобна закранулі пытанне з чэмпіянатам Беларусі па футболу. Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што рашэнне павінна прымаць Міністэрства спорту і турызму. Медыкі і эпідэміёлагі, у сваю чаргу, робяць усе магчымае, каб мінізаваць магчымасць заражэння: білеты прадаюцца з рассадкай у шахматным парадку, усім удзельнікам вымяраецца тэмпература. У эпіднебяспечных рэгіёнах матчы не праводзяцца. У прыватнасці, гульня з Віцебска была перанесена.
Інфікаваны 301 медыцынскі работнік
Уладзімір Каранік паведаміў, што на сёння ў Беларусі 301 інфікаваны медыцынскі работнік. Найбольшая іх колькасць у Мінску. Затым ідуць Віцебск і Мінская вобласць. Усе яны адчуваюць сябе здавальняюча. У кагосьці хвароба працякае бессімптомна, у кагосьці — запаленне лёгкіх. Што датычыцца смерці медсястры і дэзінфектара санітарна-эпідэміялагічнай службы ў Віцебскай вобласці, то вядзецца расследаванне.
— Мы правялі аналіз па кожным выпадку інфікавання. Найменшая іх колькасць якраз сярод профільных устаноў, дзе персанал навучаны. Праводзім цяпер дадатковае навучанне, заклікаем да больш строгага выканання ўсіх патрабаванняў бяспекі. Наша прамысловасць нарошчвае аб’емы ахоўных сродкаў, пэўная іх колькасць назапашана,- адзначыў міністр.
Патрык О’Конар, у сваю чаргу, адзначыў, што бяспека работнікаў аховы здароўя ў Беларусі ўспрымаецца як прыярытэт.
Медыкі часта становяцца і кантактамі першага ўзроўню. Пры гэтым з 25 сакавіка іх не шпіталізуюць. Уладзімір Каранік пракаментаваў сітуацыю.
— Работнікі інфекцыйных бальніц — у рэшце рэшт, усе кантакты першага ўзроўню. Яны працягваюць працаваць пад пастаянным медыцынскім назіраннем з абавязковым лабараторным кантролем. Пры станоўчым тэсце медык шпіталізуецца. Усе выкарыстоўваюць сродкі аховы. У нас у кожным рэгіёне маюцца кантакт-цэнтры, дзе можна пражываць, калі ўрач не хоча ісці дадому, каб не стаць крыніцай магчымага інфікавання блізкіх.
Міністр падкрэсліў, што выпадкі заражэння хутчэй магчымыя ў няпрофільных стацыянарах.
— Калі пацыента, у якога пасля выявілі каранавірус, прывезлі ў бальніцу хуткай дапамогі, кантактнымі сталі 47 медработнікаў. Добра, што ніхто з іх не заразіўся. Зразумела, што няма сэнсу ўсіх шпіталізаваць.
Патрык О’Конар дадаў, што ў розных краінах метады работы з кантактамі першага ўзроўню адрозніваюцца і агульных падыходаў тут няма.
— Усё павінна быць у разумных межах. Самае галоўнае — выяўляць выпадкі і тэсціраваць кантактных асоб, — сказаў ён.
Каля сотні рабочых АЭС чакаюць вынікаў тэстаў
Міністр аховы здароўя пракаментаваў сітуацыю ў Астраўцы з расійскімі рабочымі.
- Усе пацыенты (іх каля сотні), знаходзяцца пад медыцынскім назіраннем. Не ўсе з гэтым згодны, таму нам дапамагаюць супрацоўнікі МУС трымаць сітуацыю пад кантролем. Першы аналіз праводзілі тэстамі замежнай вытворчасці, і яны былі станоўчыя. Другі - з дапамогай тэстаў яшчэ адной замежнай кампаніі. Там атрымалі адмоўны вынік. Цяпер накіравалі ўсе вынікі ў рэферэнс-лабараторыю, каб пераправерыць.
Уладзімір Каранік: «Калі ўбачым, што сістэма не спраўляецца, будзем дзейнічаць больш жорстка»
Уладзімір Каранік паведаміў, што ўзроўні рэагавання сістэмы аховы здароўя ва ўмовах эпідэміі ўжо некалькі разоў змяняліся.
— Спачатку мы працавалі пры адсутнасці выпадкаў COVID-19, дзейнічалі на межах па папераджэнні завозаў. Пасля выяўлення першага завознога выпадку - па плане, які прадугледжвае не больш за 70 хворых. Затым - ад 70 да 450-500. Зараз – звыш за 500.
Міністр расказаў, што маецца тры катэгорыі крыніц інфекцыі. Найперш гэта завазныя выпадкі (у нас яны дагэтуль маюць месца, апошнія - грамадзяне, якія вярнуліся з Нью-Дэлі і Лондана). Таксама кантакты першага ўзроўню (а з улікам таго, што цяпер тэсціруюць хворых на двухбаковыя, цяжкія і сярэднецяжкія пнеўманіі, іх кантакты могуць налічваць сотні чалавек). І трэцяя група - выпадкі інфіцыравання без яўнага эпідэміялагічнага ачага.
— У нас цяпер маюцца ўсе тры крыніцы. На жаль, бачым і выпадкі з трэцяй катэгорыі, дзе яўнай перадачы не ўстаноўлена, але ўсё роўна праводзім эпідрасследаванні, часам разам з супрацоўнікамі МУС, што падобна да сур’ёзнай аператыўнай работы, - расказаў Уладзімір Каранік.
Ён паведаміў, што пад назіраннем дома знаходзяцца 3,5 тысячы кантактаў першага ўзроўню. Яшчэ 716 выпісаны з бальніц за апошнія суткі, 124 пакуль ў стацыянарах.
Сітуацыя з пнеўманіямі застаецца складанай у Віцебскай вобласці і Мінску.
— Лічбы, якія маем у гэтых рэгіёнах, не ўкладваюцца ў сезонны пад’ем захваральнасці. Каля тысячы хворых на пнеўманію ў Віцебску на сёння. Летась у пік было 600. Сітуацыю адсочваем штодзённа. Хворых тыпуем на COVID-19, прычым гэта не мазок, а прамыўныя воды бронхаў і макрота, - адзначыў міністр.
Ён праінфармаваў, што ў бліжэйшыя 10 дзен у краіне з’явяцца экспрэс-тэсты для выяўлення COVID-19. Гэты будуць імпартныя тэсты. А магчымасці лабараторнай дыягностыкі будуць паступова павялічвацца. Цяпер у Беларусі дзейнічае 13 лабаторый, пры неабходнасці іх колькасць вырасце. У краіне маецца 200 тысяч тэст-сістэм (з улікам 50 тысяч атрыманых на мінулым тыдні). Парк наркозна-дыхальнай апаратуры складае 3,5 тысяч адзінак.
— 44 пацыенты з каранавіруснай інфекцыяй зараз падключаны да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Усяго у нас у краіне 111 пацыентаў на цяперашні час маюць патрэбу ў ШВЛ (пасляаперацыйныя хворыя і іншыя). Мы пастаянна ацэньваем нашы рэсурсныя магчымасці, і калі ўбачым, што сістэма аховы здароўя не спраўляецца, будзем дзейнічаць больш жорстка, - падкрэсліў міністр. - Мы ўсе - медыкі, дзяржорганы, насельніцтва - у адной лодцы. Калі вы зменшыце колькасць неабавязковых кантактаў на 25%, гэта зробіць крайнія меры неабавязковымі, а калі на 50%, то вялікая імавернасць, што медустановы пройдуць эпідэмію без перагрузак.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 12 красавіка 2020
Звязда, 12 красавіка 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/423/52695
Текущая дата: 18.11.2024