На 55-м годзе жыцця памёр палкоўнік міліцыі ў запасе, былы начальнік упраўлення ДАІ МУС Беларусі Юрый Літвін, паведамілі ва УДАІ МУС.
Юрый Літвін шмат гадоў аддаў высакароднай справе служэння людзям, заўсёды заставаўся верным свайму абавязку, сваёй працы, свайму прызванню.
Нарадзіўся Юрый Літвін 14 мая 1965 года. У 1986-м скончыў Свярдлоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае танкавае артылерыйскае вучылішча, у 1996 годзе - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У органах унутраных спраў з верасня 1997 года.
Юрый Літвін прайшоў шлях ад старшага следчага службы расследавання дарожна-транспартных здарэнняў следчага аддзела УУС Мінскага аблвыканкама да начальніка ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі, якое ўзначаліў ў лютым 2009 года. У красавіку 2016-га з гэтай пасады быў звольнены ў запас.
"За час службы Юрый Літвін дзякуючы высокаму прафесіяналізму, бездакорнай кампетэнтнасці, высокай арганізаванасці, уменню аператыўна знаходзіць дакладныя рашэнні пры выкананні самых складаных задач, чуласці да людзей і таленту кіраўніка набыў сярод калегаў шчырую павагу. Яго цвёрды характар, чыстая душа і адданасць абранай прафесіі заўсёды будуць прыкладам для ўсіх нас", - адзначылі ва УДАІ.
Звязда, 1 красавіка 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/428/52378
Текущая дата: 18.11.2024