38 гадоў таму, 26 красавіка 1986 года, здарылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС.
У той ці іншай меры наступствы катастрофы закранулі многія краіны Еўропы, але ў найбольшай ступені пацярпела Беларусь.
Чарнобыльская атамная электрастанцыя (ЧАЭС) размешчана на тэрыторыі Украіны, за 18 км ад горада Чарнобыль, за 150 км ад Кіева і за 16 км ад граніцы Беларусі. У 80-я гады ХХ стагоддзя гэты была самая магутная ў СССР атамная электрастанцыя.
Кароткая гісторыя аварыі
Чацвёрты энергаблок ЧАЭС быў запушчаны ў прамысловую эксплуатацыю ў снежні 1983 года. На 25 красавіка 1986 года на ЧАЭС было намечана правядзенне праектных выпрабаванняў адной з сістэм забеспячэння бяспекі на чацвёртым энергаблоку, пасля чаго рэактар планавалася спыніць для правядзення планавых рамонтных работ. З-за дыспетчарскіх абмежаванняў спыненне рэактара некалькі разоў адкладвалася, што выклікала пэўныя цяжкасці з кіраваннем магутнасцю рэактара. 26 красавіка ў 1 гадзіну 24 мінуты адбыўся некантралюемы рост магутнасці, які прывёў да выбухаў і разбурэння значнай часткі рэактарнай устаноўкі. У розных памяшканнях і на даху пачаўся пажар.
У выніку аварыі ў атмасферу быў выкінуты практычна ўвесь спектр радыенуклідаў, якія сабраліся ў рэактары на момант выбуху, у тым ліку ёду-131 (перыяд паўраспаду 8 дзён), цэзію-134 (перыяд паўраспаду 2 гады), цэзію-137 (перыяд паўраспаду 30 гадоў), стронцыю-90 (перыяд паўраспаду 28-29 гадоў). У першыя тыдні пасля аварыі асаблівую небяспеку для людзей уяўляў радыеактыўны ёд, ізатопы якога, трапіўшы ў арганізм, канцэнтруюцца ў шчытападобнай залозе і выклікаюць яе апрамяненне.
У доўгатэрміновым плане асноўным дозаўтваральным радыенуклідам на большай частцы чарнобыльскага следу стаў цэзій-137. Аналіз радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі Еўропы цэзіем-137 паказвае, што каля 35 працэнтаў чарнобыльскіх выпаданняў радыецэзію на Еўрапейскім кантыненце знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, таму наступствы Чарнобыля для Беларусі вызначаны як нацыянальнае экалагічнае бедства.
За пасляаварыйны перыяд плошча забруджванняў тэрыторыі рэспублікі па цэзію-137 зменшылася амаль у два разы і цяпер складае каля 25,5 тыс. кв.км, або 12 працэнтаў агульнай плошчы краіны. Па стане на 1 студзеня 2024 года тэрыторыя ляснога фонду, аднесеная да зон радыеактыўнага забруджвання, складае 1497,7 тыс. га, або 15,4 працэнта ад агульнай плошчы. Асноўная доля забруджаных радыенуклідамі лясоў знаходзіцца ў веданні Міністэрства лясной гаспадаркі (81,2 працэнта) і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (14,5 працэнта).
Паступова зніжаецца доза знешняга апрамянення насельніцтва ў сувязі з распадам цэзію-137, радыяцыйная абстаноўка паляпшаецца. Аднак яна прадаўжае заставацца напружанай на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. На яго долю з усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў Беларусі, прыпала больш за 30 працэнтаў цэзію-137, 73 працэнты - стронцыю-90 і 97 працэнтаў - ізатопаў плутонію.
Забруджванне тэрыторыі Беларусі не было раўнамерным. На яго характар паўплывалі ў тым ліку асаблівасці метэаралагічных умоў з 26 красавіка па 10 мая 1986 года. У выніку ў Беларусі ўтварылася некалькі асноўных плям. Першая - 30-кіламетровая зона вакол станцыі, дзе ўзроўні забруджвання глебы цэзіем-137 былі надзвычай высокія. Затым так званы паўночна-заходні след, да якога адносяцца паўднёвая і паўднёва-заходняя частка Гомельскай вобласці, цэнтральныя часткі Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Узроўні забруджвання ў гэтым следзе істотна ніжэйшыя, чым у бліжэйшай зоне Чарнобыльскай АЭС. Трэцяя пляма знаходзілася на поўначы Гомельскай і цэнтральнай частцы Магілёўскай абласцей.
З першых дзён пасля катастрофы на ЧАЭС урад Беларусі пачаў праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на абарону насельніцтва, якое пражывае ў непасрэднай блізкасці да станцыі. Адразу пасля аварыі было прынята рашэнне аб эвакуацыі насельніцтва з тэрыторыі, дзе магутнасць экспазіцыйнай дозы перавышала 25 мР/гадз (тэрыторыя прыблізна ў радыусе 10 км ад ЧАЭС).
Населеныя пункты, размешчаныя ў зонах радыеактыўнага забруджвання
Чарнобыльская катастрофа закранула значную частку Беларусі. У зоне забруджвання апынулася 3678 населеных пунктаў, у якіх пражывалі 2,2 млн чалавек; 479 населеных пунктаў спынілі існаванне.
З пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы тэрыторый было адселена 137,7 тыс. чалавек, з якіх 75 працэнтаў - жыхары Гомельскай вобласці. Адначасова з эвакуацыяй і арганізаваным перасяленнем самастойна пакінулі тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання каля 200 тыс. чалавек.
За перыяд, які мінуў пасля аварыі, у Беларусі ўдалося скараціць спіс населеных пунктаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС. Пералік населеных пунктаў і аб`ектаў, якія належаць да зон радыеактыўнага забруджвання, згодна з заканадаўствам пераглядаецца раз у 5 гадоў і карэкціруецца ў залежнасці ад змянення радыяцыйнай абстаноўкі, у тым ліку з улікам даных удакладняльнага радыялагічнага абследавання населеных пунктаў.
Цяпер у зонах радыеактыўнага забруджвання размешчана больш за 2 тыс. населеных пунктаў, у якіх пражывае амаль 930 тыс. чалавек, у тым ліку 185 тыс. дзяцей. Гэта тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Паводле папярэдніх разлікаў, агульная колькасць населеных пунктаў, якія ўваходзяць у зону радыеактыўнага забруджвання, да 2025 года зменшыцца ў параўнанні з 2016 годам на 273, да 2035 года - на 626.
Зоны эвакуацыі і адсялення
На тэрыторыях Беларусі, дзе ў выніку аварыі на ЧАЭС стала немагчымым пражыванне насельніцтва, склаліся асаблівыя зоны - эвакуацыі (адчужэння) і адсялення.
Беларускі сектар зоны эвакуацыі (адчужэння) Чарнобыльскай АЭС уяўляе сабой тэрыторыю плошчай 1,7 тыс. кв.км. Насельніцтва, якое пражывала тут, было эвакуявана ў 1986 годзе. Тады ж землі на гэтай тэрыторыі былі выведзены з гаспадарчага карыстання. У 1988 годзе тут створаны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік (ПДРЭЗ). Гэта адзіны ў свеце радыяцыйна-экалагічны запаведнік. У яго ўвайшлі асабліва забруджаныя тэрыторыі Хойніцкага, Нараўлянскага і Брагінскага раёнаў Гомельскай вобласці.
Зоны адчужэння і адсялення разгрупаваны на тэрыторыі 13 раёнаў Гомельскай і Магілёўскай абласцей.
На тэрыторыях зон эвакуацыі (адчужэння) і адсялення дзейнічае асаблівы прававы рэжым з мэтай прадухілення несанкцыянаванага пранікнення грамадзян і транспартных сродкаў, некантралюемага вывазу грузаў, спынення фактаў браканьерства, збору дароў лесу. Асноўныя падыходы да ўтрымання гэтых зон сфармуляваны ў канцэпцыі ўтрымання зон адчужэння і адсялення.
Для ажыццяўлення кіравання зонамі адчужэння і адсялення, арганізацыі і кантролю за станам іх аховы і падтрымання ўстаноўленага законам рэжыму ўтрымання пастановай урада ад 8 чэрвеня 1992 года нумар 343 створаны спецыяльны орган - Адміністрацыя зон адчужэння і адсялення, прадстаўнікі якой працуюць у 13 забруджаных раёнах Гомельскай і Магілёўскай абласцей.
У адпаведнасці з законам "Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія зведалі радыеактыўнае забруджванне ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС" у зоне адчужэння дазваляецца толькі гаспадарчая дзейнасць, звязаная з забеспячэннем радыяцыйнай бяспекі, прадухіленнем пераносу радыеактыўных рэчываў, выкананнем прыродаахоўных мерапрыемстваў, а таксама навукова-даследчых і эксперыментальных работ.
У адрозненне ад зоны адчужэння на тэрыторыі зоны адсялення вядзецца строга абмежаваная гаспадарчая дзейнасць, звязаная з падтрыманнем у належным стане дарог, ліній электраперадачы і іншых аб`ектаў, якія маюць інфраструктурнае значэнне.
Дзейнасць у сферы функцыянавання тэрыторый радыеактыўнага забруджвання рэгулюецца са студзеня 2023 года Дзяржатамнаглядам.
Сістэма радыяцыйнага маніторынгу і кантролю ў Беларусі
У Рэспубліцы Беларусь створана і функцыянуе сістэма радыяцыйнага маніторынгу, якая ўвайшла ў нацыянальную сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. У яе склад уваходзіць шырокая сетка пунктаў назіранняў і акрэдытаваных лабараторый. Асноўныя аб`екты маніторынгу - атмасфернае паветра, глеба, паверхневыя і падземныя воды.
На рэспубліканскім узроўні кантроль радыеактыўнага забруджвання забяспечваюць Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі.
Згодна з данымі Дзяржатамнагляду, сетка пастаяннага маніторынгу навакольнага асяроддзя Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўключае больш за 180 рэперных пляцовак і амаль 20 ландшафтна-геахімічных палігонаў.
У адпаведнасці з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства ў Рэспубліцы Беларусь забараняюцца вытворчасць і рэалізацыя прадукцыі, колькасць радыенуклідаў у якой перавышае дапушчальныя ўзроўні. З мэтай забеспячэння выканання гэтага патрабавання ў рэспубліцы створана і эфектыўна дзейнічае сістэма радыяцыйнага кантролю харчовых прадуктаў, харчовай і сельскагаспадарчай сыравіны, харчовай і іншай прадукцыі лесу, якія атрымліваюць на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі. Яе аснову складаюць ведамасныя сістэмы кантролю.
У рэспубліцы функцыянуюць каля 1 тыс. падраздзяленняў радыяцыйнага кантролю арганізацый і прадпрыемстваў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства лясной гаспадаркі, Міністэрства аховы здароўя, Беларускага рэспубліканскага таварыства спажывецкіх саюзаў, іншых міністэрстваў, суб`ектаў гаспадарання. Падраздзяленні радыяцыйнага кантролю Міністэрства аховы здароўя, Дзяржстандарту ажыццяўляюць адпаведныя наглядныя функцыі.
Сацыяльная абарона і аздараўленне пацярпелага насельніцтва
У Беларусі створаны дзяржаўны рэгістр асоб, якія зведалі ўздзеянне радыяцыі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый, а таксама Адзіны чарнобыльскі рэгістр Расіі і Беларусі. У нацыянальны рэгістр унесены даныя пра больш як 1,7 млн чалавек, у тым ліку больш як 360 тыс. дзяцей і падлеткаў.
Асноўным напрамкам дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў адносінах да грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, з`яўляецца аказанне дапамогі сацыяльна слабаабароненым катэгорыям насельніцтва, прадастаўленне льгот і кампенсацый, прадугледжаных законам Рэспублікі Беларусь "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый".
Адной з важнейшых задач з`яўляецца павышэнне эфектыўнасці і паляпшэнне якасці медыцынскага забеспячэння ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі, санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення пацярпелага насельніцтва, асабліва дзяцей, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях. Асновай сістэмы медыцынскага забеспячэння з`яўляецца спецыяльная дыспансерызацыя пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы грамадзян, якая забяспечвае ранняе выяўленне захворванняў і своечасовае лячэнне, рэабілітацыю і правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў.
У рэспубліцы адкрыты новыя медыцынскія ўстановы, інстытуты, спецыялізаваныя клінікі і цэнтры. У 2003 годзе ў Гомелі пачаў працаваць пабудаваны пад патранажам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Адкрыццё цэнтра дало магчымасць істотна наблізіць медыцынскую дапамогу да найбольш пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы рэгіёнаў.
Раённыя бальніцы пастаянна аснашчаюцца сучасным медыцынскім абсталяваннем, на базе медустаноў арганізавана ўкараненне сучасных тэхналогій дыягностыкі і лячэння пацярпелых грамадзян - тэлемедыцына, ЯМР-тамаграфія і інш.
Адным з прыярытэтных аспектаў па захаванні і ўмацаванні здароўя дзяцей, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, з`яўляецца рацыянальнае збалансаванае харчаванне. Усе вучні агульнаадукацыйных устаноў, размешчаных на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, якое прадастаўляцца па месцы навучання за кошт сродкаў, што выдзяляюцца на ліквідацыю наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Важным складнікам у захаванні здароўя з`яўляецца санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне. У адпаведнасці з дзеючым закандаўствам непаўналетнія дзеці, якія пражываюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, дзеці, якія пражываюць на чыстай тэрыторыі і надведваюць школы, размешчаныя на забруджанай тэрыторыі, маюць права на бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне або аздараўленне. Асаблівую ўвагу дзяржава ўдзяляе паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў, якіх у краіне 12. За апошні год уведзены ў эксплуатацыю спальны корпус на 166 месцаў у цэнтры "Жамчужына" ў Лепельскім раёне і фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам у цэнтры "Надзея" ў Вілейскім раёне.
Ад рэабілітацыі да ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця
Рэалізацыя мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі ў сферы ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС дала магчымасць вырашыць шэраг важнейшых задач. Дзяржавай прыняты значныя меры па вырашэнні радыяцыйна-экалагічных, медыцынскіх, сацыяльна-эканамічных і іншых праблем, звязаных з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС. Асноўным інструментам для рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы з`яўляюцца дзяржаўныя праграмы.
Пасля распаду Савецкага Саюза Рэспубліка Беларусь вымушана была самастойна вырашаць увесь комплекс чарнобыльскіх праблем. 28 ліпеня 1992 года была адобрана дзяржаўная праграма па пераадоленні ў Рэспубліцы Беларусь наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 1993-1995 гады і на перыяд да 2000 года. Паслядоўна былі прыняты і адобраны праграмы па пераадоленні ў Рэспубліцы Беларусь наступстваў катастрофы на ЧАЭС на наступныя перыяды: 1996-2000 гады, 2001-2005 гады і на перыяд да 2010 года, на 2006-2010 гады, на 2011-2015 гады і на перыяд да 2020 года, на 2016-2020, на 2021-2025 гады.
Кожная з праграм змяшчае шэраг мерапрыемстваў для комплекснага вырашэння праблем у розных сферах. Праграмы бесперапынна ідуць адна за адной, дзякуючы чаму мерапрыемствы ажыццяўляюцца на пастаяннай аснове. Кожная наступная праграма фарміруецца з улікам змяненняў у постчарнобыльскай сітуацыі. Усе мерапрыемствы накіраваны на стварэнне ўмоў жыцця, якія даюць магчымасць мінімізаваць уплыў негатыўных наступстваў радыеактыўнага забруджвання, і пры гэтым нясуць у сабе функцыі сацыяльнай абароны насельніцтва, аказваюць станоўчы ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў.
Нараўне з дзяржаўнымі праграмамі ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС на працягу 38 гадоў у Беларусі рэалізоўваўся шэраг міжнародных праектаў. Вялікі ўклад у рэабілітацыю тэрыторый унесла выкананне праграм сумеснай дзейнасці па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў рамках Саюзнай дзяржавы. Выкананне саюзных чарнобыльскіх праграм ажыццяўляецца нараўне з дзяржаўнымі праграмамі Беларусі і Расіі.
Праграмы далі магчымасць ажыццявіць значныя капітальныя ўкладанні ў будаўніцтва і аснашчэнне медыцынскіх аб`ектаў. Былі рэалізаваны пілотныя праекты адраснай рэабілітацыі гаспадарак на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях. У рамках гэтых праграм ішло станаўленне, развіццё і практычная адпрацоўка новых падыходаў вядзення інфармацыйнай работы па чарнобыльскай тэматыцы, створаны Расійска-беларускі інфармацыйны цэнтр (РБІЦ) з аддзяленнямі ў Маскве і Мінску.
У 2023 годзе была зацверджана стратэгія па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі.
БЕЛТА, 26 красавіка 2024
БЕЛТА, 26 красавіка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/44/73820
Текущая дата: 27.12.2024