Белорусский портал в Казахстане

Наталля Качанава: чысціня - гэта брэнд Беларусі



Члены Прэзідыума Савета Рэспублікі на чале са старшынёй Наталляй Качанавай, работнікі сакратарыята Савета Рэспублікі прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку ў парку імя 40-годдзя Вялікага Кастрычніка ў Мінску.

Фронт работ - пасадка дрэў, аднаўленне зялёнай зоны, прыбіранне тэрыторыі ад лісця.

"Гэта наша традыцыя, калі ў красавіцкія дні мы збіраемся ўсе разам, каб прыняць удзел у рэспубліканскім суботніку, - сказала Наталля Качанава. - Тэрытарыяльна мы замацаваны за Ленінскім раёнам, таму заўсёды з задавальненнем адгукаемся на прапанову навесці парадак на той ці іншай тэрыторыі, высадзіць дрэвы".

Паводле слоў спікера, папрацаваць разам у такі цудоўны дзень - выдатна. "Гэта аб`ядноўвае калектыў. Гэта на карысць нашага горада, нашай краіны, - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі. - Мы ганарымся чысцінёй, дагледжанасцю нашых вуліц, паркаў, сквераў. Часта людзі не задумваюцца, якая гэта цяжкая праца. Праца тых людзей, якія займаюцца гэтым кожны дзень, - работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прадпрыемстваў, арганізацый. Каб Беларусь заўсёды заставалася такой выдатнай і дагледжанай, мы павінны шанаваць гэта. Той, хто сёння прыме ўдзел у суботніку і папрацуе, лішні раз ужо не кіне паперку і пастараецца захаваць выдатную прыроду, якая ёсць у нашай краіне, чысціню і добраўпарадкаванасць нашых вуліц".

"Чысціня - брэнд нашай краіны, - падкрэсліла Наталля Качанава. - У нас не проста чыстая і дагледжаная краіна, але яшчэ ў нас вельмі шмат зеляніны. Штогод праходзяць акцыі, калі мы ўсе разам высаджваем лес, дрэвы. Гэта абсалютна правільна. Гэта тое, чым мы ганарымся. Важна, што на суботнікі людзі часта прыходзяць з дзецьмі, а гэта значыць, што гэта традыцыя будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне. І мы заўсёды будзем ганарыцца сваёй цудоўнай, чыстай, дагледжанай і добраўпарадкаванай краінай".

Для ўсіх беларусаў прыняць удзел у суботніку - гэта свята, адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы. "Кіраўнік дзяржавы ў свой час гэту традыцыю захаваў, таму што народ любіць, шануе яе. Калі прыходзіш на суботнік ужо ў дарослым узросце, заўсёды ўспамінаеш дзяцінства, калі прыбіралі дваровыя тэрыторыі, школы, гарадзілі пашы, залівалі бетон, вельмі шмат лесу высаджвалі. Кожны потым можа прыйсці праз год-два-тры-пяць і ўбачыць вынікі сваёй працы. Квітнеючая клумба гэта, або дрэва якое вырасла, або цэлы будынак. Як, напрыклад, калі мы працавалі на Нацыянальнай бібліятэцы, "Мінск-Арэне", музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны - няхай чалавек паўкуба заліў бетону, але ён унёс сваю лепту ў стварэнне будучыні для наступных пакаленняў".

Трэба шанаваць, берагчы і перадаваць традыцыю суботнікаў сваім дзецям, упэўнены член Савета Рэспублікі. "Бачыце, дзеці прыйшлі сёння на суботнік разам з татамі і мамамі. Яны ўжо далучыліся да гэтага. Гэта своеасаблівы такі патрыятычны парыў нашых людзей. Зрабі краіну лепшай, прыгажэйшай, багацейшай, любі яе - вось гэта самае галоўнае, - падкрэсліў ён. - І выдатна, што ёсць такая магчымасць паўдзельнічаць у суботніку. Амаль кожны год працуем. Мы ў гэтым парку не першы раз і прыемна бачыць вынікі сваёй працы".

Супрацоўнік сакратарыята Савета Рэспублікі Мікалай Сіўцаў прыйшоў на суботнік разам з сынам Сцяпанам. "Выдатны настрой, цудоўны парк, добрае надвор`е, якое садзейнічае даволі энергічнай працы на свежым паветры. Тым больш працуеш разам са сваім калектывам, - расказаў Мікалай Сіўцаў. - У мінулым годзе мы тут саджалі дрэвы. Паглядзелі сёння, яны прыжыліся вельмі добра".

Як дадаў Сцяпан, ён не ўпершыню ўдзельнічае ў суботніку. "Сёння я ўспомніў, як саджаў гэтыя дрэвы, як усім дапамагаў. Каля нашых дрэў бачылі салаўя і шмат туркавак, якія ў горадзе сустракаюцца рэдка. Мне падабаецца ўдзельнічаць у суботніках. Мы часта выязджаем усёй сям`ёй на прыроду, рыбалку. І гэта цудоўна", - дапоўніў ён.

20 красавіка 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/45/73774
Текущая дата: 27.12.2024