Белорусский портал в Казахстане

Пытанні лічбавай трансфармацыі аграпрамысловага комплексу сёння сярод прыярытэтных



Аб гэтым 17 кастрычніка ў час наведвання Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта журналістам паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько.

Аграрная вытворчасць становіцца высокатэхналагічнай галіной эканомікі. Сучасная сельская гаспадарка грунтуецца на дэталёвым вымярэнні ўсіх працэсаў, выкарыстанні аналітычных і інфармацыйных сістэм.

"Пытанні лічбавай трансфармацыі галіны знаходзяцца сярод прыярытэтных. Напрыклад, у міністэрстве сёння і кіраванне, і адміністрацыйныя працэсы пабудаваны перш за ўсё на інфармацыйных тэхналогіях. Усё часцей сродкі аўтаматызацыі, сучасныя навуковыя распрацоўкі выкарыстоўваюцца непасрэдна на вытворчасці. Размова пра бія-, ДНК-, нанатэхналогіі, дакладнае лічбавае земляробства", - адзначыў Анатоль Хацько.

Ён падкрэсліў, што выкарыстанне высокіх тэхналогій дае магчымасць аптымізаваць затраты, эфектыўна замяніць ручную працу, рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы.

Анатоль Хацько адзначыў, што за апошнія гады ў аграрнай сферы распрацаваны і ўкаранёны шэраг аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм у розных напрамках ад раслінаводства і жывёлагадоўлі да ўліку і абслугоўвання тэхнікі і абсталявання.

Сярод актуальных задач лічбавай трансфармацыі ў сельскай гаспадарцы адзначаецца далейшае ўдасканаленне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, распрацоўка і ўкараненне інавацыйных спосабаў выкарыстання высокіх тэхналогій, а таксама рэалізацыя механізма "аднаго акна" ў аграпрамысловым комплексе.

"Усё гэта чарговыя крокі па пераходзе да электроннай сельскай гаспадаркі. Цяпер цялікая роля ў гэтым працэсе адводзіцца моладзі. Сённяшнія студэнты, выпускнікі ВНУ будуць на вытворчасці мадэратарамі, карыстальнікамі і заказчыкамі гэтых высокіх тэхналогій", - адзначыў Анатоль Хацько.

Ён падкрэсліў, што асаблівая ўвага таксама ўдзяляецца павышэнню прэстыжу аграрных прафесій, замацаванню спецыялістаў у вёсцы, стварэнню для іх дастойных умоў жыцця і працы.

На сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта Анатоль Хацько адзначыў і ролю ВНУ ў гэтым працэсе. Важна, каб маладыя людзі прыходзілі на вытворчасць не проста з тэарэтычнымі ведамі, але і з сур`ёзнай практычнай падрыхтоўкай.

17 кастрычніка 2019, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/464/50315
Текущая дата: 17.11.2024