Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ўзмоцняць работу па вяртанні гісторыка-культурных каштоўнасцей



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе МЗС.

У Беларусі ўзмоцняць работу па вяртанні гісторыка-культурных каштоўнасцей. Гэта тэма абмяркоўвалася сёння ў Міністэрстве замежных спраў на пасяджэнні Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей.

У час пасяджэння члены камісіі з удзелам шырокага кола запрошаных экспертаў абмеркавалі праблему перамешчаных з мінскіх музеяў у час Другой сусветнай вайны культурных каштоўнасцей, што апынуліся ў іншых краінах, і адзначылі важнасць своечасовага напаўнення зацікаўленымі і адказнымі ўстановамі Беларусі базы даных інтэрнэт-партала "Вяртанне".

"Удзельнікі мерапрыемства далі некалькі рэкамендацый па актуалізацыі дзейнасці камісіі і прапанавалі новыя напрамкі яе работы, у тым ліку па ўстанаўленні ўзаемадзеяння і пашырэнні супрацоўніцтва з замежнымі бібліятэкамі, архівамі і музеямі", - расказалі ў МЗС.

Закраналася пытанне аб наглядзе і падтрыманні ў належным стане месцаў пахавання за мяжой вядомых беларусаў, абмеркаваны магчымыя меры па іх добраўпарадкаванні.

Камісія была створана ў 2009 годзе пры Савеце Міністраў. Яна вызначае прыярытэтныя напрамкі і формы дзейнасці па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны абарот культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца за межамі краіны.

Камісія можа ўносіць ва ўрад адпаведныя прапановы, а таксама забяспечвае ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў, грамадскіх аб`яднанняў, іншых юрыдычных асоб у гэтай сферы.

У склад органа ўваходзяць прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў, культуры, інфармацыі і фінансаў, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі, Беларускага фонду культуры.

19 верасня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/470/49840
Текущая дата: 16.11.2024