Уладальнікі аўтамабіляў пры наяўнасці пасведчання кіроўцы і тэхпашпарта на машыну змогуць у гэты дзень бясплатна праехаць у грамадскім транспарце Мінска, у тым ліку на метро.
Беларусь у нядзелю далучаецца да Сусветнага дня без аўтамабіля - кіроўцаў заклікаюць 22 верасня скарыстацца для перамяшчэння грамадскім транспартам або перасесці на веласіпед.
Сусветны дзень без аўтамабіля праводзіцца ў рамках Еўрапейскага тыдня мабільнасці, у якім удзельнічаюць больш за 50 краін свету. Кампанію прыдумалі для прасоўвання ідэй захавання экалогіі і здаровага ладу жыцця. У Беларусі Дні без аўтамабіляў праводзяцца з 2008 года.
Тэма сёлетняй кампаніі прысвечана бяспечным пешым і веласіпедным шпацырам (Safe walking and cycling) з акцэнтам на актыўнае развіццё пешаходнага руху ў гарадскім асяроддзі.
У Мінску з нагоды Сусветнага дня без аўтамабіля аўтаўладальнікі змогуць бясплатна скарыстацца грамадскім транспартам, у тым ліку метро. Каб увайсці ў падземку, трэба будзе прад`явіць пасведчанне кіроўцы і тэхпашпарт на аўтамабіль.
Акрамя таго, у Дзень без аўтамабіля на Кастрычніцкай вуліцы адбудзецца вялікае свята. Гасцей на веласіпедах, самакатах і пешшу чакаюць з 14:00 да 18:00. Для дзяцей рыхтуюць асобную зону са святлафор-шоу, гульнямі і конкурсамі, майстар-класамі і экамайстэрнямі. Для дарослых таксама абяцаюць шмат цікавага, у тым ліку насычаную канцэртную праграму.
Па заканчэнні канцэрта а 21:00 усе жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у велапрабегу падсветленых веласіпедаў.
У сувязі са святам з 06:00 да 24:00 будзе абмежаваны рух на ўчастку вул. Кастрычніцкай ад дома 16/1 да будынка 16/25. Акрамя таго, вечарам на час праезду калоны ўдзельнікаў велапрабегу будзе абмяжоўвацца рух транспарту па яго маршруце: вул. Тростенецкая - Аранская - Свярдлова - праспект Незалежнасці - плошча Я. Коласа.
Мінск, 22 верасня 2019
Sputnik
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/470/49911
Текущая дата: 16.11.2024