Белорусский портал в Казахстане

Дом-музей Уладзіміра Караткевіча хочуць стварыць у Рагачове



Прапанову аб стварэнні музея Уладзіміра Караткевіча ў доме, дзе ён жыў, калі прыязджаў да сваякоў, выказаў жыхар райцэнтра.

Пытанне стварэння мемарыяльнага музея беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча ў Рагачове ў доме, дзе ён пражываў і працаваў над творамі, абмяркоўвалася сёння ў час прамой тэлефоннай лініі і прыёму грамадзян, якія правёў у Рагачоўскім райвыканкаме старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

"Сёння гэты дом і пакой пісьменніка захаваны. Аднак будынак прыходзіць у заняпад: людзі, якія там пражываюць, маюць інваліднасць, ім складана падтрымліваць будынак у належным парадку", - растлумачыў жыхар райцэнтра, які дазваніўся.

На яго думку, музей стаў бы і цэнтрам прыцягнення турыстаў, і месцам для правядзення рэспубліканскага літаратурнага свята.

Таксама гараджанін прапанаваў устанавіць бронзавы помнік пісьменніку. Як растлумачылі прадстаўнікі райвыканкама, тэма стварэння дома-музея пісьменніка актуальна для горада.

У раёне імя Уладзіміра Караткевіча маюць вуліца, а таксама цэнтральная раённая бібліятэка, партрэт класіка беларускай літаратуры ёсць на тарцы аднаго з дамоў.

Губернатар адзначыў, што пытанне пераарыентацыі названага дома ў музей трэба ўважліва вывучыць, улічваючы ўсе нюансы, юрыдычныя моманты. Такая практыка ёсць у іншых гарадах рэспублікі.

Памяць пра Уладзіміра Караткевіча ў раёне, вобласці павінна быць захавана, падкрэсліў кіраўнік вобласці. Жыхарка Рагачова дазванілася на прамую лінію наконт добраўпарадкавання аднаго з мікрараёнаў райцэнтра, дзе ў шматпавярховых дамах пражываюць амаль 4 тыс. чалавек.

Мікрараёну больш за 35 гадоў, некаторыя камунікацыі сталі непрыгодныя, на асобных участках пасля дажджоў утвараюцца вялікія лужы. Жанчына адзначыла, што частка работ па добраўпарадкаванні пачалася ўжо, але папрасіла звярнуць больш пільную ўвагу на названую тэрыторыю.

Генадзь Салавей выказаў удзячнасць гараджанцы за неабыякавасць да аблічча горада і паабяцаў, што пытанне разгледзяць з выездам на месца. Ён таксама заявіў, што да пачатку верасня ў рэгіёне сфарміруюць тытульныя спісы, дзе будзе дакладна вызначана чарговасць будаўніцтва, рамонту аб`ектаў, тэрыторый.

Азнаёміцца з імі змогуць усе жадаючыя, у тым ліку і праз мясцовыя сродкі масавай інфармацыі. На асабісты прыём да губернатара прыйшлі прадстаўнікі садовага таварыства "Рагачоўскае прыазёр`е".

Жанчыны агучылі пытанні вядзення дакументацыі і фінансава-гаспадарчай дзейнасці праўленнем таварыства. Для ўрэгулявання сітуацыі даручана правесці пазачарговы сход з удзелам усіх членаў СТ, а таксама дэталёвую праверку.

Прадстаўнік фермерскай гаспадаркі хацеў бы павялічыць зямельныя ўгоддзі хаця б на 100 га. Сёння на ферме ўтрымліваюць каля 400 кароў, 350 авечак, і 200 га ворнай зямлі, лугавых тэрыторый недастаткова.

Як было адзначана, гаспадарка перспектыўная, добра развіваецца. Генадзь Салавей звярнуў увагу, што фермерам, якія дэманструюць добрыя рэзультаты, трэба дапамагаць, і даручыў прапрацаваць вырашэнне праблемы.

Звярнуўся на прыём і прыватны прадпрымальнік, транспартны перавозчык пасажыраў і грузаў, які працуе ў раёне з 2002 года як ІП, а ў 2007-м - пераўтварыўся ў прыватнае прадпрыемства.

На гэты час аб`ёмы і колькасць маршрутаў скараціліся, заяўнік хацеў бы працаваць зноў як ІП з захаваннем аднаго з маршрутаў.

Аднак пры пераходзе на ІП ён павінен будзе ўдзельнічаць у конкурсе для перавозак па гэтым маршруце. Яму растлумачылі юрыдычныя асаблівасці тэмы, а агучаныя ім нюансы яшчэ раз вывучаць.

Узнімаліся сёння ў час дыялогу з жыхарамі раёна тэмы рамонту ў цэнтральнай раённай бальніцы, жыллёва-маёмасныя, зямельныя пытанні і інш. Звароты грамадзян узяты на кантроль.

21 жніўня 2019, Рагачоў
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/479/49342
Текущая дата: 16.11.2024