Белорусский портал в Казахстане

"У сэрцы з Радзімай": старажытныя беларускія песні прагучаць у музеі



Спевы ў выкананні гурта "Крывічы" можна будзе паслухаць 22-га ліпеня ў Дзяржаўным музеі беларускай літаратуры.

Дзяржаўны музей беларускай літаратуры запрашае на творчую сустрэчу з лідарамі гурта іркуцкіх беларусаў "Крывічы", якая пройдзе ў межах праекту "У сэрцы з Радзімай".

Песні, якія прагучаць падчас сустрэчы, былі запісаны пад час этнаграфічных вандровак па вёсках Прыбайкалля, заснаваных беларускімі перасяленцамі ў пачатку ХХ стагоддзя.

"Раней у Прыбайкаллі беларуская песня гучала ў шматлікіх вёсках, заснаваных перасяленцамі", - паведамілі ў музеі.

Удзельнікі гурта вырашалі даць другое жыццё традыцыйным абрадавым і пазаабрадавым спевам, якія выконваюць у старажытнай манеры спеву продкаў-беларусаў. У межах праекту гурт прадставіць аматарам беларускай народнай спадчыны праграму "Песні і танцы беларусаў Іркуцкай вобласці".

Гурт аўтэнтычнага спеву "Крывічы" быў заснаваны ў 2009 годзе з ініцыятывы вядомага лідара беларусаў Іркуцкай вобласці Алега Рудакова і Волі Галанавай, якая стала натхняльніцай і кіраўніком гурта.

Усе ўдзельніцы гурта нарадзіліся ў Сібіры, але ведаюць мову сваіх продкаў і спяваюць родныя песні. Гурт неаднаразова выступаў у Беларусі, у тым ліку на фестывалі мастацтваў беларусаў свету.

Сустрэча адбудзецца 22 ліпеня а 18-й гадзіне ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Уваход вольны.

Мінск, 22 ліпеня 2019
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/487/48880
Текущая дата: 16.11.2024