Белорусский портал в Казахстане

Артыстаў з 7 краін збярэ ў Гродне фестываль вулічнага мастацтва



Аб гэтым паведаміла адна з арганізатараў фестывалю Настасся Роўба.

Артыстаў з сямі краін збярэ ў Гродне 27 ліпеня Біг-міні-фестываль вулічнага мастацтва, які пройдзе ўжо восьмы раз. У гэтым годзе фестываль збярэ больш за 300 артыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Іспаніі і Італіі.

У цэнтры Гродна адкрыюцца некалькі творчых пляцовак: музычныя, танцавальныя, тэатральныя, перформансныя. З сярэдзіны дня і да апоўначы гараджан і гасцей горада будуць забаўляць музыканты, танцоры, вулічныя тэатры, жывыя статуі, хадулісты, майстры фаер-шоу.

"Кожны год нам падаюць заяўкі на ўдзел каля 100 творчых калектываў з усёй Беларусі і краін блізкага замежжа. Аднак мы стараемся аддаваць перавагу толькі самым яркім і прафесійным артыстам. У прыярытэце - калектывы з унікальнай аўтарскай падачай, уласным гучаннем і незвычайнымі пастаноўкамі", - расказала Настасся Роўба.

Фестываль адкрыецца традыцыйным тэатралізаваным шэсцем усіх удзельнікаў з плошчы Леніна да сцэны каля моладзевага цэнтра "Гродна". Узначаляць шэсце прадстаўнікі школы карнавальнай самбы і бразільскіх барабанаў Raccoon Batucada з Мінска. Акрамя традыцыйных для фестывалю напрамкаў, у Гродне арганізуюць фотавыставы, а таксама некалькі інтэрактыўных тэатральных перформансаў.

"Біг-міні-фестываль пройдзе ў канцэпцыі "Адкрываючы дзверы ў мастацтва". У час работы артысты становяцца своеасаблівай брамай для гледачоў, адкрываюць для іх гэты свет. Таму ў 2019 годзе мы заклікаем усіх не стаяць на парозе, а смела ўрывацца ва ўсё багаццё мастацтва, не стукаючы", - адзначыла Настасся Роўба.

Яна дадала, што гасцей фестывалю чакаюць цікавыя арт-аб`екты і інсталяцыі з дзвярэй. Арганізатарамі фестывалю выступаюць Гродзенскі гарвыканкам, Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры і івент-агенцтва "Бібам".

16 ліпеня 2019, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/489/48744
Текущая дата: 16.11.2024