Пасля перапісу насельніцтва адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі можа быць перагледжаны. Аб гэтым паведаміў 17 ліпеня міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой у час VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
"З мінулага года ў краіне вельмі сур`ёзна пачала ўзнімацца тэма нашага рэгіянальнага развіцця. Парламентарыі атрымалі заданне, пакуль папярэдняе, паглядзець аж да адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу рэспублікі, які апошні раз быў зафіксаваны ў 1960-я гады і сёння з улікам развіцця, урбанізацыі, дэмаграфіі, міграцыі, зразумела, мае патрэбу ў пэўных карэкціроўках. Тут мы ў першую чаргу чакаем вынікаў перапісу насельніцтва, які адбудзецца ў канцы года", - сказаў Дзмітрый Крутой.
У пытанні рэгіянальнага развіцця асаблівая ўвага будзе ўдзелена гарадам з насельніцтвам звыш 80 тыс. чалавек. "Мы павінны прапанаваць асаблівы прэферэнцыйны пакет, паглядзець, як гэтыя тэрыторыі будуць развівацца", - адзначыў кіраўнік ведамства.
Міністэрства эканомікі, паводле яго слоў, таксама цесна працуе з раёнамі з цяжкім сацыяльна-эканамічным становішчам.
"Орша ў нас пілот - ёсць указ, ёсць праграма. Мы вельмі ўважліва ўсё гэта штомесяц маніторым, і недзе восенню ў Прэзідэнта адбудзецца вялікая нарада па разглядзе гэтых пытанняў. Такіх тэрыторый па методыках і паказчыках у нас выдзелена каля трыццаці, таму мы будзем глядзець, што для іх можна прапанаваць", - заўважыў Дзмітрый Крутой.
Ён расказаў, што ў Беларусі вывучалі вопыт іншых краін па развіцці невялікіх гарадоў - няма ўніверсальнага рэцэпта, кожная дзяржава ідзе сваім шляхам. "Мы вывучалі досвед краін Еўрасаюза: Вялікабрытаніі, Германіі, скандынаўскіх краін. Кожная краіна па-свойму вырашае праблему тэрыторый, дзе эканамічнае развіццё адстае ад сярэдняга", - сказаў міністр.
Звязда, 17 ліпеня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/489/48778
Текущая дата: 16.11.2024