Белорусский портал в Казахстане

Фестываль "Класіка ля ратушы з velcom" выходзіць на нацыянальны ўзровень



Аб гэтым паведаміла начальнік упраўлення маркетынгавых камунікацый velcom Алена Бычкова.

Пяты музычны фестываль "Класіка ля ратушы з velcom | A1" выходзіць на нацыянальны ўзровень, і гэтым летам класічныя творы ў выкананні лепшых музыкантаў Беларусі прагучаць не толькі на плошчы Свабоды ў Мінску, але і ў Віцебску, Гродне, Гомелі і Брэсце.

"Класіка ля ратушы з velcom | A1" - адзін з прыярытэтных напрамкаў нашай кампаніі, - сказала Алена Бычкова. - Спачатку праект задумваўся як спроба вывесці класічную музыку з камерных сцен на вуліцы горада, што і ўдалося паспяхова рэалізаваць, мяркуючы па аўдыторыі, якая павялічваецца з кожным годам. Цяпер класічныя вечары ля ратушы сталі неад`емнай часткай гарадской культуры".

Начальнік аддзела ўстаноў культуры ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Ганна Шыманская адзначыла, што апошнія чатыры гады вечары класічнай музыкі былі сапраўдным падарункам для гасцей і жыхароў Мінска.

"Фестываль стаў візітнай карткай сталіцы. І вельмі прыемна, што ў гэтым годзе адчуць асалоду класічнай музыкі змогуць пяць гарадоў Беларусі, - падкрэсліла яна. - Усіх на канцэрце чакае вялікая колькасць сюрпрызаў. Мы спадзяёмся, што ў Віцебску, Гродне, Гомелі і Брэсце гэты музычны праект стане такім жа запатрабаваным, як і ў Мінску".

Як адзначыў дырэктар ДУ "Мінскканцэрт" Андрэй Мікуцэвіч, фестываль набірае абароты і расшырае свае межы. Гэта традыцыйная серыя канцэртаў, якая парадуе жыхароў і гасцей краіны, дадаў ён.

"Мы захоўваем традыцыю і падтрымліваем высокі выканальніцкі ўзровень. Прымаюць удзел вядучыя творчыя калектывы не толькі Беларусі, але і іншых краін, - звярнуў увагу Андрэй Мікуцэвіч. - Так, у гэтым годзе пройдзе канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра на чале з Яўгенам Бушковым, які выканае цыкл фартэпіянных п`ес Мусаргскага "Карцінкі з выстаўкі" ў суправаджэнні спецыяльнага відэакантэнту".

Андрэй Мікуцэвіч таксама анансаваў, што чакаецца выступленне піяніста Цімура Сергіені, эстонскага духавога аркестра "Саксон". "Духавое мастацтва Эстоніі - гэта асобная гісторыя, і тое, як гучыць духавы аркестр, для нас будзе вельмі незвычайна. Мы ў поўным аб`ёме адчуем еўрапейскі падыход да музычнага матэрыялу", - растлумачыў ён.

Класічныя вечары на плошчы Свабоды будуць праходзіць на працягу двух летніх месяцаў - ліпеня і жніўня. Запланавана шэсць суботніх канцэртаў у Мінску: 20 ліпеня, 27 ліпеня, 3 жніўня, 10 жніўня, 17 жніўня, 31 жніўня.

Адкрые музычны форум у сталіцы Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава.

Завершыць праграму класічных вечароў Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Віктара Бабарыкіна.

"У бягучым годзе прыме ўдзел Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча пад кіраваннем народнага артыста Міхаіла Казінца з праграмай "Тры тэнары", у якой прагучаць творы опернага мастацтва, неапалітанская, іспанская, народная музыка Беларусі, Расіі, Украіны, - сказаў дырэктар ДУ "Мінскканцэрт". - У гэтым сезоне класічных вечароў мы робім акцэнт на вакальным мастацтве, будуць выступленні артыстаў, адпаведных высокаму міжнароднаму ўзроўню".

Акрамя таго, чатыры канцэрты пройдуць у рэгіёнах. 29 чэрвеня - у Віцебску на плошчы Перамогі, 3 ліпеня - у Гомелі (на пл. Леніна) і 28 ліпеня - у Брэсце (на пл. Леніна), дзе калектыў Art Music Orchestra прадставіць праграму "Viva, Штраус!", прысвечаную творчасці знакамітага аўстрыйскага кампазітара.

У Гродне 3 ліпеня ў парку Жылібера выступіць ансамбль "Мінск-Класік". Новаўвядзеннем прэс-канферэнцыі гэтага сезона фестывалю быў інтэрактыўны музычны тэлемост, які звязаў усе 5 гарадоў, а спецыяльнымі гасцямі сталі салісты пастаяннага ўдзельніка форуму - музычнай капэлы "Санорус". Яго дырыжор Аляксандр Хумала адзначыў, што для калектыву выступаць на фестывалі - вялікі гонар.

"Класіка ля ратушы з velcom | A1" - адзін з самых яркіх фестывальных рухаў не толькі Мінска, але і амаль усіх абласных гарадоў, у якім удзельнічаюць лепшыя музыканты і аркестры нашай краіны, - падкрэсліў дырыжор. Форум дае магчымасць паслухаць жывое гучанне аркестра не толькі меламанам, але і простым людзям, якія, магчыма, ні разу не чулі сапраўдны акустычны інструмент".

"Усе ўдзельнікі фестывалю атрымаюць незабыўныя эмоцыі і ўражанні, - рэзюмавала Алена Бычкова. - А тых, хто не зможа наведаць класічныя вечары, запрашаем далучыцца анлайн да нашага лічбавага відэасэрвісу".

Фестываль "Класіка ля ратушы з velcom" праводзіцца ў Мінску з 2015 года. У мінулым годзе канцэрты класічнай музыкі ў сталіцы сабралі каля 40 тыс. гледачоў, уключаючы тых, хто сачыў за імі анлайн. Арганізатарам праекта выступае Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры генеральнай падтрымцы кампаніі velcom і садзейнічанні дзяржустановы "Мінскканцэрт".

19 чэрвеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/493/48473
Текущая дата: 16.11.2024