Белорусский портал в Казахстане

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў час сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прапанавала правесці выбары ў Савет Рэспублікі 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў - 17 лістапада



Аб гэтым яна паведаміла 30-га ліпеня па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць гэтыя прапановы, яшчэ раз праінфармаваць яго і падрыхтаваць адпаведныя праекты ўказаў.

"Кіраўнік дзяржавы прапанаваў дапрацаваць нам гэтыя прапановы, улічыць меркаванне мясцовых улад і да наступнага панядзелка (думаю, менавіта 5 жніўня пачнецца выбарчая кампанія) прадставіць праекты ўказаў з канкрэтнымі датамі правядзення выбараў", - сказала Лідзія Ярмошына.

Што датычыцца фінансавання выбарчых кампаній, старшыня ЦВК адзначыла, што ў Беларусі "выбары праходзяць па самых эканомных стандартах".

"Гэта і пажаданне кіраўніка дзяржавы, і насельніцтва да гэтага з хваляваннем ставіцца. Расходы на правядзенне выбараў у нас на кожнага выбаршчыка ў некалькі разоў ніжэйшыя, чым у прыгранічных дзяржаў", - звярнула яна ўвагу.

У гэтым годзе на парламенцкія выбары плануецца выдзеліць крыху больш сродкаў, чым на праведзеныя ў верасні 2016 года выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў VI склікання.

"У сувязі з павелічэннем сярэдняй заработнай платы адбылося нязначнае павелічэнне расходаў. У 2016 годзе член участковай выбарчай камісіі атрымліваў на рукі Br60, у гэтым годзе атрымае Br76", - растлумачыла Лідзія Ярмошына.

30 ліпеня 2019, Мінск
Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/493/49068
Текущая дата: 26.12.2024