Белорусский портал в Казахстане

Telekom Austria Group зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з Беларуссю



Пра гэта заявіў выканаўчы дырэктар канцэрна Томас Арнольднер 13 чэрвеня на сустрэчы з першым намеснікам прэм`ер-міністра Аляксандрам Турчыным у Савеце Міністраў.

Аўстрыйскі канцэрн A1 Telekom Austria Group зацікаўлены ва ўмацаванні супрацоўніцтва з Беларуссю і падрыхтаваў свае прапановы па развіцці сувязі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Томас Арнольднер расказаў аб асноўных напрамках работы Telekom Austria Group, даччынай кампаніяй якога з`яўляецца беларускі аператар velcom, і прадставіў планы па далейшым пашырэнні бізнесу. Ён адзначыў важнасць беларускага рынку для канцэрна і яго прывабнасць.

"Працуючы тут, бачым, як развіваецца краіна ў цэлым і сфера ІКТ, як наш вопыт можна выкарыстоўваць", - сказаў Томас Арнольднер.

Аляксандр Турчын падкрэсліў, што Беларусь задаволена супрацоўніцтвам з канцэрнам, кампанія velcom паказвае добрыя рэзультаты.

"Я гатовы выслухаць прапановы, якія ёсць па развіцці кампаніі ў нас у краіне. Мы абмяняемся думкамі і па магчымасці прымем канчатковае рашэнне па абмеркаваных пытаннях", - адзначыў ён.

У канцэрне заяўляюць аб намеры ўдзельнічаць у развіцці сеткі 4G на ўсёй тэрыторыі краіны, у тым ліку сумесна з інфраструктурным аператарам, паколькі цяперашні ахоп не заўсёды задавольвае абанентаў.

Telekom Austria Group - адзін з буйнейшых правайдараў тэлекамунікацыйных паслуг у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Працуе ў Аўстрыі, Беларусі, Балгарыі, Харватыі, Славеніі, Сербіі і Македоніі.

У 2007 годзе Telekom Austria Group набыў 70 працэнтаў акцый беларускага аператара velcom, у 2010 годзе - астатнія 30 працэнтаў.

На 1 студзеня 2019 года кліенцкая база velcom налічвае амаль 4,9 млн абанентаў.

13 чэрвеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/494/48391
Текущая дата: 16.11.2024