Белорусский портал в Казахстане

На экалагічным форуме ў Навагрудку былі прадстаўлены распрацоўкі і інавацыі



На XV Рэспубліканскім экалагічным форуме, што ў мінулыя выхадныя прайшоў у Навагрудку, былі прадстаўлены экалагічныя распрацоўкі і інавацыі, якія адпавядаюць найлепшым даступным практыкам.

Удзельнікі і госці форуму мелі магчымасць прымаць удзел у спецыялізаваных навукова-практычных семінарах, дыскусіях спецыялістаў па пытаннях укаранення сучасных экалагічна чыстых тэхналогій у гарадскую прамысловасць, захавання біялагічнай разнастайнасці, устойлівага кіравання адходамі, рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў.

У рабоце форуму прынялі актыўны ўдзел міжнародныя партнёры. Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык выказаў асаблівую падзяку Еўрапейскаму саюзу, міжнародным арганізацыям і ў прыватнасці праграме развіцця ААН:

— Менавіта яны дапамагаюць у нашым станаўленні на сучасны экалагічна бяспечны, эканамічна эфектыўны і сацыяльна арыентаваны шлях развіцця і прапануюць канкрэтныя крокі па ўкараненні механізмаў устойлівага развіцця.

Адзначым, што XV Рэспубліканскі экалагічны форум прайшоў у юбілейны для Гродзенскай вобласці год яе 75-годдзя. Падчас звароту да ўдзельнікаў старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў сказаў, што Навагрудак — адзін з лідараў у рэалізацыі ідэй зялёнай эканомікі:

— На гэтай зямлі ўдаецца ўвасобіць у жыццё праекты па выкарыстанні энергіі ветру, сонца. Тут рэалізаваны добрыя праекты па ўтылізацыі бытавога смецця. Пры гэтым на Навагрудчыне не просяць бюджэтныя сродкі, а шукаюць грошы самі.

У першы дзень форуму ўдзельнікі абмеркавалі актуальныя пытанні развіцця малых гарадоў. Дзейнічалі навукова-практычныя пляцоўкі па розных секцыях («Водныя рэсурсы», «Зялёныя гарады», «Адходы»). На плошчы Леніна працавала выстаўка прадпрыемстваў і арганізацый, прадукцыя і навуковыя распрацоўкі якіх адыгрываюць значную ролю ў вырашэнні экалагічных праблем.

Знакавай падзеяй першага дня форуму стала адкрыццё дубова-ліпавага гаю (каля 500 саджанцаў) пры ўдзеле міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка і старшыні Навагрудскага райвыканкама Сяргея Федчанкі. Доўгі час гэтая тэрыторыя пуставала, але неўзабаве тут плануецца стварэнне паўнавартаснай зоны адпачынку з лаўкамі, спартыўнымі пляцоўкамі, сажалкай і нават невялікім вадаспадам.

Наглядным пацвярджэннем беражлівага падыходу да навакольнага асяроддзя, да арганізацыі гарадской прасторы стала адкрыццё экалагічнай сцежкі на тэрыторыі ландшафтнага прыродаахоўнага заказніка «Свіцязянскі», закладка альпійскай горкі, адкрыццё вуліцы, абсталяванай сістэмай «разумнага» святлодыёднага асвятлення і шэраг іншых мерапрыемстваў у рамках форуму.

На пленарным пасяджэнні выступілі намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Мар`яна Шчоткіна і пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва.

У другі дзень форуму адбылося зарыбленне возера Маладзёжнае. У вадаём запусцілі некалькі дзясяткаў асобін шчупака звычайнага, белага амура і еўрапейскага сома, прывезеных з рыбгаса Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Падрыхтаваны дакумент аб забароне на аматарскае рыбалоўства на Маладзёжным тэрмінам не менш за тры гады. Гэтая забарона дазволіць сому дасягнуць палавой сталасці і забяспечыць у далейшым яго ўзнаўленне, шчупаку — забяспечыць нераст налета, а беламу амуру — не дапусціць зарастання вадаёма.

Летась па экалагічнай лініі ўдалося прыцягнуць у Беларусь каля шасці мільёнаў долараў інвестыцый.  На сённяшні дзень зарэгістравана яшчэ пяць праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі на суму каля 24 мільёнаў долараў. Усе яны накіраваны на прыродаахоўную дзейнасць: адаптацыя да наступстваў змены клімату, работа з устойлівымі арганічнымі забруджвальнікамі, абыходжанне з адходамі, уцягванне грамадскасці ў кіраванне эканамічнымі працэсамі. Як правіла, лакальныя праекты затым маштабуюцца на ўсю краіну.

Аўтар: Вольга Пралюк
Звязда, 11 чэрвеня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/495/48334
Текущая дата: 16.11.2024