Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў ходзе 19-й сесіі (г.Асунсьён, Парагвай) 4 снежня прыняў рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Выцінанка - традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі" ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Выцінанка - традыцыйнае мастацтва выразання з паперы, шырока распаўсюджанае ў Беларусі. Рамяство, якое зарадзілася яшчэ ў XVI стагоддзі, сёння набывае другое дыханне. Вытанчанае і шырока прызнанае як элемент беларускай культуры, мастацтва выцінанкі актыўна выкарыстоўваецца ў вонкавым і ўнутраным афармленні прыватных дамоў і грамадскіх месцаў, такіх як офісы, рэстараны, культурныя ўстановы, тэатральныя дэкарацыі. Яно таксама з`яўляецца неад`емнай часткай традыцыйных свят.
Выцінанка становіцца ўсё больш крэатыўнай, а яе прыгожыя арнаменты пераносяцца на тканіну і выкарыстоўваюцца як элемент адзення. Сучасная выцінанка ахоплівае мноства тэм, якія адлюстроўваюць беларускі вобраз жыцця: любаванне прыродай, беларуская гісторыя, міфалогія, звычаі і вераванні, сельскі і гарадскі побыт. Гэта адна з эстэтычных асноў беларускага менталітэту і культуры.
Уключэнне гэтага рамяства ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва стала вынікам сумеснай работы супольнасцей майстроў выцінанкі, экспертаў і спецыялістаў па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Міністэрства замежных спраў і Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА.
З уключэннем "Выцінанкі" ў спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА налічваюць шэсць беларускіх элементаў.
Раней былі ўключаны святочны калядны абрад "Калядныя цары" ў Семежаве Капыльскага раёна Мінскай вобласці (2009 год); "Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)" у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці (2018 год); "Юраўскі карагод " у Пагосце Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці (2019 год); Культура бортніцтва (2020 год); "Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні" (2022 год).
5 снежня 2024, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/5/76068
Текущая дата: 22.12.2024