Міжнародная аналітычная кампанія OpenSignal апублікавала чарговае дасьледаваньне (PDF) мабільнага інтэрнэту ў сьвеце.
Па стане на травень 2019 году ў Беларусі дасьледчыкі мелі сярэднюю хуткасьць 4G-інтэрнэту ў 7,7 Мбіт/с на спамноўку і 4,4 Мбіт/с на запампоўку.
Гэта найгоршы вынік у Эўропе. Блізкія хуткасьці назіраліся ў Эгіпце, Дамініканскай рэспубліцы, Панаме і Філіпінах. Ва Ўкраіне зафіксавалі 11,2 Мбіт/с на спампоўку, у Расеі — 12 Мбіт/с, у Польшчы — 19,9 Мбіт/с. Праўда, у рэйтынг ня трапіў шэраг невялікіх краінаў Эўропы, як Літва, Латвія, Эстонія, Малдова, Босьнія і Герцагавіна, Косава, Чарнагорыя…
Найхутчэйшы інтэрнэт, звыш 40 Мбіт/с на спампоўку, — у Паўднёвай Карэі, Нарвэгіі, Канадзе і Нідэрляндах. Самы павольны з дасьледаваных краінаў, 5 Мбіт/с і ніжэй, ва Ўзбэкістане, Нэпале, Альжыры і Іраку.
Беларусь таксама ў ніжняй частцы табліцы паводле парамэтру «дасяжнасьці» 4G — гэты парамэтар паказвае, колькі часу прылада сапраўды падключаная да LTE-сеткі, калі ў наладах выстаўленае падключэньне да 4G. У дасьледчыкаў атрымлівалася падключыцца да беларускай сеткі 68,6% часу. Ва Ўкраіне — 66,6%, у Расеі — 73,9%, у Польшчы — 82,3%.
Асаблівасьць беларускай 4G-сеткі ў тым, што яе будавалі ня самі апэратары кожны для сябе (як было з 3G і 2G), а напаўдзяржаўны інфраструктурны апэратар BeCloud («Беларускія воблачныя тэхналёгіі»). Празь янзгоду з тарыфамі BeCloud апэратар Velcom ня мог прапанаваць абанэнтам LTE-сетку больш як тры гады, хоць сьцьвярджаў, што мае ўласнае 4G-абсталяваньне, гатовае да запуску.
Магчыма, аўстрыйцы пераканаюць беларускія ўлады ўлічыць няўдалы досьвед з 4G
13 чэрвеня ў Менску прайшла сустрэча беларускага віцэ-прэм’ера Аляксандра Турчына і дырэктара A1 Telekom Austria Group (да якой належыць Velcom, які пераймяноўваецца ў A1) Томаса Арнольднэра, на якой працягнулася абмеркаваньне тэмаў зь перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і фэдэральнага канцлера Аўстрыі Сэбастыяна Курца.
Па выніках сустрэчы Томас Арнольднэр расказаў, што беларускі бок можа скарыстацца аўстрыйскім досьведам у разгортваньні сетак наступнага пакаленьня — 5G.
Паводле яго, «абодва бакі прыйшлі да згоды, што пры распрацоўцы заканадаўчай базы з мэтай разьвіцьця 5G у Беларусі, якую рэгулятар плянуе завяршыць да верасьня, неабходна браць пад увагу інтарэсы абанэнтаў і ўлічваць досьвед укараненьня як сетак 3G, дзе Рэспубліка Беларусь займае адну з лідэрскіх пазыцыяў у Эўропе, так і сеткі 4G, прызнанай адной з найбольш слабых сярод эўрапейскіх краінаў, і пакрыцьцё і якасьць якой у рэгіёнах Беларусі ёсьць недастатковымі».
Радыё Свабода, 13 чэрвеня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/501/48395
Текущая дата: 25.12.2024