Белорусский портал в Казахстане

Міпрацы назвала шляхі збліжэння попыту і прапанавання на рынку працы



У Беларусі запатрабаваны рабочыя (кіроўцы, швачкі, прадаўцы і г.д.), а таксама ўрачы і бухгалтары, але беспрацоўныя шукаюць іншыя вакансіі.

Аб тым, што трэба, каб зблізіць попыт і прапанаванне на рынку працы, начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун расказаў у час круглага стала ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Сітуацыя на рынку працы сёння спрыяльная для тых, хто шукае работу. Устойлівы попыт на супрацоўнікаў з боку наймальнікаў мы фіксуем ужо на працягу двух гадоў. Толькі ў нашым афіцыйным банку вакансій на партале дзяржаўнай службы занятасці больш за 80 тыс. вакансій, - адзначыў Алег Такун. - Вядома, структура розная: больш за 60 працэнтаў - прапанаванне па рабочых спецыяльнасцях. Зарплаты таксама розныя: ёсць прапановы і па Br400-500, але ёсць і па Br1000, і больш. Гэта залежыць ад запатрабаванасці спецыяльнасці, кваліфікацыі самога саіскальніка, а таксама рэгіянальнага размяшчэння вакансій".

У топе запатрабаваных рабочых прафесій сёння вадзіцель аўтамабіля, швачка, прадавец, машыніст, повар, муляр, электрагазазваршчык.

Сярод вакансій служачых найчасцей сустракаецца запыт на ўрачоў, ветэрынараў, бухгалтараў, інжынераў па ахове працы і г.д. Апошнія тры гады нязменна высокі попыт на ІТ-спецыялістаў для розных галін.

"Адна з самых вялікіх праблем - не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце - у тым, што попыт не сябруе з прапанаваннем, - дадаў Алег Такун. - І з`явіўся новы трэнд - вельмі высокі попыт на прафесіі нізкай кваліфікацыі, якія наогул не патрабуюць падрыхтоўкі: вартаўнікі, вахцёры, ахоўнікі і гэтак далей. Прычым яны не заўсёды нізкааплатныя".

Паводле яго слоў, адна з прычын разыходжання попыту і прапанавання ў тым, што многія беспрацоўныя недастаткова гібкія ў сваіх прафесійных пошуках і малаактыўныя ў пашырэнні сваіх кампетэнцый. А каб быць запатрабаваным на рынку працы і мець больш шырокі выбар вакансій, было б правільным не абмяжоўвацца набытай некалі адукацыяй, а наведваць курсы, навучацца навыкам, сумежным з асноўнай прафесіяй, - такія спецыялісты цяпер асабліва цэняцца наймальнікамі. Але і з боку работадаўцаў таксама назіраецца некаторая пасіўнасць.

"У рэспубліцы працуе сістэма падрыхтоўкі кадраў па заяўках наймальнікаў на аснове доўгатэрміновага планавання і прагназавання патрэбнасці эканомікі ў кадрах. Пры гэтым наймальнік можа прыйсці ў навучальную ўстанову, напрыклад, у апошні год навучання і падаць заяўку на спецыялістаў. Але большасць не робяць гэтага", - адзначыў Алег Такун.

На яго думку, калі б прывычныя аддзелы кадраў у беларускіх прадпрыемстваў паўсюль замяняліся на аддзелы развіцця персаналу або ўпраўленні кадравымі рэсурсамі, і падлічвалася доўгатэрміновая патрэбнасць у спецыялістах і работніках, а не скарацечная, сітуацыя змянілася б.

"На практыцы мы сутыкаемся з тым, што наймальніку, як правіла, патрэбны спецыяліст адразу, тут і цяпер. Вось прыклад. У службе занятасці мы стараемся не проста навучаць беспрацоўных, а з гарантаваным працаўладкаваннем, інакш кажучы, пад канкрэтны заказ наймальнікаў. Вучоба займае, як правіла, 3-4 месяцы (максімальны перыяд - 7 месяцаў). Але вельмі многія наймальнікі не гатовы столькі чакаць, хоць ім вельмі патрэбны кадры, часам па 5-10 чалавек адразу. І самі ўкладвацца ў навучанне не хочуць, і за кошт службы занятасці атрымаць падрыхтаваных спецыялістаў - таксама", - растлумачыў сутнасць праблемы Алег Такун.

Разам з тым, ён упэўнены, што сама сітуацыя на рынку працы хутка падштурхне наймальнікаў задумвацца загадзя аб тым, дзе браць кадры, і ўкладвацца ў навучанне.

14 чэрвеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/501/48396
Текущая дата: 25.12.2024