Аб гэтым паведаміў рэжысёр праграм праекта "Музычна-турыстычны сезон у Верхнім горадзе" Ігар Усенка.
Сезон гістарычных рэканструкцый у Верхнім горадзе адкрыецца 18 мая: воінскія манеўры, знакавыя для беларускай гісторыі эпізоды, фотазоны і інтэрактыўныя пастаноўкі па суботах арганізуюць каля мінскай ратушы.
Асноўныя правілы паядынкаў XI-XVII стагоддзяў пакажуць сярэдневяковыя рэканструктары. Можна будзе ўбачыць асобныя элементы бітваў, якія адносяцца да напалеонаўскай эпохі, Першай і Другой сусветных войнаў.
"Адкрыем сезон з перыяду Полацкага княства, на мяжы якога ўзнікла Мінскае княства. Пакажам некаторыя гістарычныя падзеі XII стагоддзя. Хацелася б выбудаваць далейшую праграму па гістарычнай храналогіі, але астатнія пастаноўкі будуць залежаць ад дзён культуры розных дзяржаў, якія намечаны ў Верхнім горадзе", - расказаў Ігар Усенка.
Да дня расійскай культуры рэканструктары плануюць інсцэніраваць некаторыя падзеі Айчыннай вайны 1812 года. Да дня Грузіі ў Беларусі на пляцоўцы Верхняга горада разгорнуцца баявыя падзеі Першай сусветнай вайны, паколькі грузінскія афіцэры, медсёстры, салдаты, якія ваявалі на тэрыторыі Беларусі, праявілі сябе дастойна і мужна. На мерапрыемствах, прысвечаных знаёмству з польскай культурай, пакажуць сцэны сватання і жаніцьбы князя Ягайлы і польскай каралевы Ядвігі.
"Мы робім акцэнт на вайну і мір, паколькі больш за 10 разоў Мінск разбураўся і адбудоўваўся ў сувязі са шматлікімі баявымі дзеяннямі. Па сутнасці, мы так прасочваем шлях станаўлення беларускай дзяржаўнасці, фінальнай кропкай якога стане фестываль "Мінск старажытны" ў час святкавання Дня горада. Там ужо рэканструктарам будзе дзе разгарнуцца: арганізуем бітвы "пяцёрак", тактычныя баі, штурм замка", - растлумачыў рэжысёр.
Пакуль жа арганізатары фестывалю прадаўжаюць збіраць заяўкі ад патэнцыяльных удзельнікаў. Распрацоўкай праграмы зоймуцца ў ліпені, калі будзе сфарміраваны поўны спіс жадаючых далучыцца да падзеі клубаў і калектываў.
Паводле слоў Ігара Усенкі, увасабленне многіх гістарычных сцэн і баталій - працэс не толькі працаёмкі, але і затратны. Напрыклад, каб паставіць сватанне Ягайлы або Грунвальдскую бітву, арганізатары вымушаны кампанаваць воінаў з трох розных клубаў, бо амуніцыя і зброя павінны адпавядаць задуме і быць належнай якасці. У сярэднім цана адзення любой з эпох дасягае 5 тыс. еўра. Усё неабходнае для арганізацыі гістарычных рэканструкцый удзельнікі купляюць за ўласны кошт. Касцюмы, зброю, а таксама іншыя неабходныя аксесуары вырабляюцца па арыгінальных рысунках, гравюрах або макетах, якія захаваліся.
Некаторыя мерапрыемствы з удзелам аматараў гістарычнай рэканструкцыі лагічна ўпішуцца ў культурную праграму II Еўрапейскіх гульняў. Як расказаў дырэктар агенцтва падзейных праектаў "Альтэр Эга Груп" Аляксандр Рак, 22-23 чэрвеня будзе праведзены чэмпіянат па гістарычным фехтаванні федэрацыяй НЕМА. Каля 200 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Літвы, Кітая, Італіі, Украіны і іншых краін, згодна з правіламі і прыёмамі вядзення баёў XVI-XVII стагоддзяў, правядуць бітвы ў некалькіх намінацыях. Пры гэтым будуць задзейнічаны розныя тыпы зброі: федэршверт, рапіра, балонскі меч. Запланаваны паядынкі з выкарыстаннем парных відаў зброі - рапіры і кінжала. Асобным мерапрыемствам у праграме стануць паказальныя выступленні лепшых байцоў федэрацыі НЕМА ў цэнтры Мінска каля ратушы або Палаца спорту, якія могуць прайсці 22 або 23 чэрвеня.
30 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА
30 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/503/47834
Текущая дата: 15.11.2024