Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі 16 мая правядзе канцэрт, прымеркаваны да 200-гадовага юбілею Станіслава Манюшкі, паведамілі ў прэс-службе тэатра.
"200-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі - вялікае свята для музычнай грамадскасці ўсяго свету. Сын беларускай зямлі, буйнейшы кампазітар свайго часу, выдатны музыкант, дырыжор, педагог - ён адносіцца да тых шматгранных і ўнікальных творчых асоб, аб якіх немагчыма гаварыць у вузка абазначаных рамках адной дзяржавы", - адзначыў генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка.
Ён падкрэсліў, што музычная спадчына кампазітара - гэта здабытак сусветнай супольнасці. Але асаблівую значнасць яна мае для краін, дзе прайшла асноўная частка яго жыцця, станаўленне і творчая рэалізацыя: Беларусі, Польшчы, Літвы. "Творчасць Станіслава Манюшкі - адна з тых нябачных ніцей, якія цесна звязваюць нашы народы. І сёння перад намі стаіць агульная задача, важная місія - папулярызаваць яго спадчыну", - дадаў гендырэктар.
Паводле яго слоў, гала-канцэрт у Вялікім тэатры Беларусі - гэта даніна павагі творчай дзейнасці Манюшкі, шчырая ўдзячнасць і нізкі паклон ад беларускага народа за неацэнны ўклад у развіццё нацыянальнай музычнай культуры. Менавіта ж у оперы Станіслава Манюшкі "Ідылія" ("Сялянка"), створанай на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, упершыню з опернай сцэны загучала беларуская мова.
"З гонарам адзначу, што на сцэну тэатра выйдуць не толькі беларускія, але і польскія артысты, якія шануюць і паважаюць Станіслава Манюшку як свайго нацыянальнага класіка. Гэта стане абменам вопытам і яшчэ адным крокам насустрач адзін аднаму паміж нашымі краінамі ў пытанні культурнага ўзаемадзеяння", - сказаў Уладзімір Грыдзюшка.
Станіслаў Манюшка пакінуў вялікую творчую спадчыну: сапраўдныя шэдэўры оперы і балета, аперэты, рамансы, кантаты і, вядома, песні на словы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Тамаша Зана, самыя яркія з якіх увайшлі ў святочны канцэрт - сцэны з опер "Страшны двор", "Галька", "Графіня", "Verbum nobilе", а таксама дывертысмент з балета "На пастоі" (балетмайстар-пастаноўшчык Аляксандра Ціхамірава, рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ).
У канцэрце прымуць удзел: народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна, заслужаныя артысты Аксана Волкава, Людміла Хітрова, Станіслаў Трыфанаў, Андрэй Валенцій, Канстанцін Геронік, а таксама лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ірына Кучынская, Аляксандра Чыжык, Надзея Філіпава, Ілья Сільчукоў, Юрый Гарадзецкі, Іван Савянкоў і іншыя. Спецыяльна запрошаны госць - выдатная спявачка Івона Хоса - салістка Нацыянальнай оперы ў Варшаве, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў, уладальніца значных музычных узнагарод, адна з якіх - прэмія Emmy.
"Мы вельмі рады магчымасці падключыцца да гала-канцэрта, арганізаванага з нагоды юбілею Манюшкі. У праграме будзе ўдзельнічаць польскі дырыжор Раман Раваковіч і спявачка Івона Хоса. Польскія і беларускія артысты разам аддадуць даніну павагі цудоўнаму кампазітару, музыка якога, часта ствараемая для ўмацавання духу ў народзе, так шмат для нас усіх - як палякаў, так і беларусаў - значыла і па-ранейшаму значыць, - адзначыў дырэктар Інстытута Адама Міцкевіча Кшыштаф Алендзкі. - Памяць аб вялікім кампазітары звяжа польскіх і беларускіх любіцеляў культуры, а таксама стане фундаментам для рэалізацыі шэрага сумесных праектаў у сферы культуры і мастацтва".
Акрамя таго, на святочным канцэрце выступяць артысты хору пад кіраўніцтвам хормайстра народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч. За дырыжорскім пультам у гэты вечар будуць тры маэстра: Іван Касцяхін, Алег Лясун і запрошаны дырыжор з Польшчы Раман Раваковіч. За мастацкае афармленне адказвае ўладальнік медаля Францыска Скарыны Аляксандр Касцючэнка. Навуковы кансультант праграмы - заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў.
Святочны канцэрт арганізаваны пры падтрымцы Інстытута Адама Міцкевіча і Польскага інстытута ў Мінску.
15 мая 2019, Мінск
БЕЛТА
15 мая 2019, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/507/48032
Текущая дата: 26.12.2024