Белорусский портал в Казахстане

Больш за палову шлюбаў з замежнікамі ў Беларусі ў 2023 годзе заключалася з расіянамі



У Беларусі ў 2023 годзе больш за палову шлюбных саюзаў, зарэгістраваных з замежнымі грамадзянамі, складалі шлюбы з грамадзянамі РФ. Пра гэта гаворыцца ў аглядзе Нацыянальнага статыстычнага камітэта да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.

Паводле даных перапісу насельніцтва 2019 года, у краіне пражывала 707 тыс. чалавек, якія ўказалі нацыянальнасць «рускі (ая)». Гэта 7,5 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва Беларусі. З агульнай колькасці рускіх 55,5 працэнта жанчын і 44,5 працэнта мужчын. 84,4 працэнта пражываюць у гарадах або пасёлках гарадскога тыпу, 15,6 працэнта — у сельскай мясцовасці.

Колькасць грамадзян РФ, якія наведалі беларускія санаторна-курортныя, аздараўленчыя і іншыя спецыялізаваныя сродкі размяшчэння ў 2023 годзе — 175,6 тыс. Гэта 93 працэнты ад агульнай колькасці размешчаных замежных грамадзян.

Паслугамі беларускіх аграсядзіб у 2023 годзе скарысталіся 14,4 тыс. расіян. Гэта 81,8 працэнта ад агульнай колькасці замежных аграэкатурыстаў.

Паводле даных Белстата, узаемны гандаль таварамі паміж Беларуссю і Расіяй у 2023 годзе вырас на 6,3 працэнта да 2022 года. Асноўныя тавары, якія экспартуюцца ў Расію, — малочная і мясная прадукцыя, грузавыя і легкавыя аўтамабілі, тэлевізары, маніторы, праектары, трактары і седлавыя цягачы. Сярод асноўных пазіцый імпарту з Расіі — нафта, прыродны газ, чорныя металы і вырабы з іх.

Аб’ём інвестыцый у Беларусь з Расіі ў 2023 годзе склаў $5,1 млрд. Гэта на $1,2 млрд больш у параўнанні з 2022 годам. Інвестыцыі атрымалі 2312 беларускіх арганізацый.

Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі адзначаецца штогод 2 красавіка.

Звязда, 30 сакавіка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/51/73548
Текущая дата: 28.12.2024