Белорусский портал в Казахстане

Абноўленая Рэспубліканская Дошка гонару адкрылася ў Мінску



Абноўленая Рэспубліканская Дошка гонару адкрылася 30-га красавіка ў Мінску напярэдадні Свята працы.

На плошчы Дзяржаўнага сцяга адбыўся ўрачысты мітынг, у час якога ўшаноўвалі пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па выніках працы за 2018 год, якія дасягнулі найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

"2018 год быў няпростым у эканамічным плане. Разам з тым нам удалося выканаць 7 з 8 ключавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. У 2018 годзе эканоміка краіны прадоўжыла тэндэнцыю росту. Аб`ём ВУП прыбавіў на 3 працэнты. За мінулы трохгадовы перыяд эканоміка вытрымлівае параметры, вызначаныя праграмай пяцігодкі. Практычна ўсе ключавыя галіны забяспечылі эканамічны рост. Асноўным драйверам эканомікі застаецца прамысловасць. Па выніках 2018 года аб`ём прамысловай вытворчасці павялічыўся на 5,7 працэнта. Упэўнена прыбаўляе IT-сектар: рост агульнай выручкі рэзідэнтаў ПВТ склаў рэкордныя 47 працэнтаў. Экспарт паслуг - $1,4 млрд", - сказаў першы намеснік прэм`ер-міністра Аляксандр Турчын.

На знешніх рынках дасягнуты значны прагрэс. "Экспарт прыбавіў амаль 15 працэнтаў пры дадатным сальда знешняга гандлю амаль $700 млн. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў за апошнія 25 гадоў", - адзначыў першы віцэ-прэм`ер.

У першым квартале 2019 года эканоміка прадоўжыла паступальны рух наперад. "Выконваюцца практычна ўсе ключавыя паказчыкі. У краіне забяспечваецца макраэканамічная стабільнасць. Інфляцыя захоўваецца ў межах запланаваных значэнняў. У эканоміку рэспублікі паступіла Br5,2 млрд інвестыцый. Дадатныя рэзультаты эканамічнага развіцця даюць магчымасць забяспечыць далейшае павелічэнне рэальных грашовых даходаў насельніцтва. Сярэдняя заработная плата за тры месяцы перавысіла Br1 тыс. Акцэнт на яе далейшае павелічэнне будзе зроблены перш за ўсё адносна нізкааплатных катэгорый грамадзян", - падкрэсліў Аляксандр Турчын.

У цырымоніі адкрыцця абноўленай Рэспубліканскай Дошкі гонару прынялі ўдзел першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў, кіраўнікі і прадстаўнікі працоўных калектываў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія сталі пераможцамі спаборніцтва.

У бягучым годзе ў адпаведнасці з указам нумар 47 ад 12 лютага 2019 года выбар пераможцаў праводзіўся згодна з адноўленымі правіламі спаборніцтваў. Па-першае, змянілася колькасць намінацый. Два напрамкі - сфера сацыяльна-эканамічнага развіцця і эканомія рэсурсаў - аб`яднаны ў адзін. На Рэспубліканскую Дошку гонару ўпершыню занесены дзве лепшыя арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання.

Па выніках работы за 2018 год на Рэспубліканскую Дошку гонару занесены 59 пераможцаў спаборніцтва: адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі і прадпрыемствы. "Многія калектывы гарадоў і раёнаў краіны, арганізацыі і прадпрыемствы праявілі стараннасць, ініцыятыву, зладжанасць у рабоце, змаглі аператыўна рэагаваць на знешнія і ўнутраныя фактары, паказалі дастойныя рэзультаты фінансава-гаспадарчай дзейнасці", - адзначыў першы віцэ-прэм`ер.

У прыватнасці, лепшымі прызнаны: сярод абласцей і Мінска - Мінск, Гродзенская і Мінская вобласці; сярод раёнаў - Магілёўскі раён Магілёўскай вобласці, Астравецкі раён Гродзенскай вобласці, Мінскі раён Мінскай вобласці, Мазырскі раён Гомельскай вобласці і Брэсцкі раён Брэсцкай вобласці; сярод гарадоў і раёнаў у гарадах - Савецкі і Першамайскі раёны Мінска, Ленінскі раён Брэста.

Занясенне на Рэспубліканскую Дошку гонару накіравана на заахвочванне лепшых рэгіёнаў і арганізацый рэспублікі і пацвярджае грамадскае прызнанне працы грамадзян і калектываў прадпрыемстваў, якія ўнеслі важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё і павышэнне дабрабыту краіны.

30 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/511/47844
Текущая дата: 27.12.2024