Белорусский портал в Казахстане

Каля 150 музыкантаў аб`яднае "Гомель-JAZZ"



Аб гэтым паведамілі ў Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Сакалоўскага, які выступае арганізатарам форуму.

Фестываль "Гомель-JAZZ-2019" пройдзе ў абласным цэнтры з 3 па 7 красавіка і аб`яднае каля 150 музыкантаў з розных гарадоў Беларусі. 

Фестываль праводзіцца з 2016 года як конкурс, аднак цяперашні форум заснавальнікі вырашылі правесці ў новым фармаце: у якасці канцэртна-адукацыйнага мерапрыемства. "Гомель-JAZZ-2019" будзе праходзіць на дзвюх пляцоўках: у самім каледжы і дзіцячай музычнай школе мастацтваў нумар 1 Гомеля імя П.І.Чайкоўскага.

Праграма ўключае розныя мерапрыемствы - канцэрты, творчыя сустрэчы з музыкантамі. Запланавана серыя майстар-класаў вядучых педагогаў і выканаўцаў: па эстрадна-джазавым вакале, па класе саксафона, бас-гітары, кантрабаса і інш. Для ўдзелу ў іх неабходна вывучыць адну з прапанаваных вядомых джазавых тэм, у ліку якіх Summertime Дж.Гершвіна, Аll of me Э.Гарнера, Fly me to the moon Б.Ховарда і інш. У суправаджэнні вакальна-інструментальнага ансамбля ўдзельнікі выканаюць кампазіцыі, не выключана і імправізацыя, а затым свае рэкамендацыі дадуць вопытныя педагогі.

Пра пытанні навучання дзяцей у галіне эстрадна-джазавага выканання размова пойдзе ў час круглага стала. Яго ўдзельнікамі стануць у першую чаргу выкладчыкі школ мастацтваў.

Сярод асноўных мэт фестывалю арганізатары называюць папулярызацыю і прапаганду джазавай і эстраднай музыкі, далучэнне да яе моладзі, знаёмства з творчасцю лепшых джазавых калектываў і выканаўцаў краіны, пашырэнне творчых сувязей паміж музыкантамі, выяўленне маладых талентаў.

2 красавіка 2019 Гомель
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/512/47430
Текущая дата: 15.11.2024