Белорусский портал в Казахстане

Кожнаму па 5 тысяч рублёў: узнагароду за залаты скарб выплацілі ў Гродне



Кампенсацыю за знойдзеную пры разборцы даху старога яўрэйскага дома шкатулку з золатам атрымалі трое будаўнікоў і фірма-ўладальнік будынка.

Кампенсацыю за знойдзеную і адданую ў музей шкатулку вязня яўрэйскага гета, у якой выявілі шмат залатых манет, зліткаў, і ўпрыгажэнняў, выплацілі ў Гродне. Грошы атрымалі трое будаўнікоў і ўласнік будынка.

Кампенсацыю чакалі год

Залаты скарб яўрэйскага вязня знайшлі 14 красавіка мінулага года падчас рэканструкцыі старога будынка па вуліцы 2-й Працоўнай ў Гродне. Будынак з`яўляецца часткай былога яўрэйскага квартала, які падчас вайны ўваходзіў у тэрыторыю яўрэйскага гета.

Золата захоўвалася ў скрынцы ад тытуню і было схавана пад бэлькай столі. Яго знайшоў адзін з будаўнікоў пры разборы даху.

У скрыначцы ляжалі залатыя манеты Расійскай імперыі і міжваеннага польскага перыяду, упрыгажэнні, зліткі золата. Агульная вага залатых вырабаў - амаль 500 грамаў.

Працэдура выплаты кампенсацыі зацягнулася на год. Справа ў тым, што спецыялістам давялося доўга высвятляць, як правільна дакументальна аформіць дадзеныя выплаты і сабраць усе неабходныя дакументы.

Як распавёў уладальнік будынка, у якім выявілі залаты скарб, - дырэктар медыцынскага цэнтра "Медэліт" Алег Разін, грашовую кампенсацыю выплацілі на гэтым тыдні.

"Мы ўсім задаволеныя. Вядома, дзіўна, што ў выніку кампенсацыю дзялілі на чатыры часткі, а не на дзве, як абяцалі адразу. Але мы атрымалі чвэрць ад сумы, якая належыць да выплаты", - адзначыў Разін.

Суразмоўца меў на ўвазе той факт, што першапачаткова шкатулку з золатам знайшоў адзін будаўнік, але пры афармленні ў пратакол ўнеслі прозвішчы трох работнікаў, якія ў той дзень знаходзіліся на аб`екце.

Па пяць тысяч рублёў

Да выплаты належыла 9712 долараў - палова ад кошту скарбу. Па законе, дадзеную суму ў роўных долях падзялілі на чатыры часткі і выплацілі траім будаўнікам і юрыдычнай асобе ТАА "Панэ" у асобе Алега Разіна. Кампенсацыю выплачвалі ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка. У выніку кожны атрымаў крыху больш за 5000 рублёў.

Уласнікі будынка, у якім быў знойдзены залаты скарб, ужо вырашылі, як распарадзіцца грашыма. Па словах Разіна, фірма якраз займаецца купляй медыцынскага абсталявання - халцэраўскіх сутачных маніторынгаў ЭКГ.

"Калі закупім, правядзем акцыю для ўсіх гараджан. Яна будзе доўжыцца месяц ці два. Кожны жадаючы зможа за сімвалічную плату скарыстацца дадзеным абсталяваннем. Так залаты скарб мы пастараемся ўкласці ў здароўе гараджан", - падзяліўся планамі Разін.

Скарб захоўваецца ў музеі

Зараз скарб з вуліцы 2-й Працоўнай захоўваецца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Яго можна назваць адным з самых буйных і каштоўных з выяўленых у апошнія гады на тэрыторыі Гродзеншчыны: у старой металічнай скрынцы з-пад тытуню ляжалі 23 залатыя манеты Расійскай імперыі і міжваеннага польскага перыяду, больш за дзясятак кольцаў, два ланцужкі, некалькі зліткаў золата, пазалочаныя зубныя каронкі і некалькі купчых дакументаў.

Самыя незвычайныя з упрыгажэнняў - залаты медальён з абрэзанымі бакамі і пярсцёнак з мальтыйскім крыжам. Аб медальёне пакуль мала вядома, а пярсцёнак мог належаць выпускніку пажаскага корпуса ў Пецярбургу, дзе ў XIX - пачатку XX стагоддзяў рыхтавалі вайскоўцаў. Ужо цяпер пярсцёнак лічыцца самай дарагой рэччу скарбу, яго ацанілі ў 1500 долараў ЗША.

Эксперты сышліся ў меркаванні, што скрынка з золатам належала яўрэйскаму зубному тэхніку. У скрыначцы знаходзіліся розныя стаматалагічныя інструменты, дакументы на іх, а таксама раскатаныя пласцінкі золата, якія павінны былі пайсці на зубныя каронкі. А манеты і кольцы выкарыстоўваліся для разліку за працу ўрача і аплату матэрыялаў. Хутчэй за ўсё, падчас вайны гаспадар шкатулкі, як і ўсе гродзенскія яўрэі, трапіў у мясцовае гета, быў адпраўлены ў канцлагер і загінуў.

Sputnik, 26 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/512/47805
Текущая дата: 27.12.2024