Белорусский портал в Казахстане

Беражлівае стаўленне да памяці аб ахвярах нацызму стала часткай беларускай нацыянальнай ідэі



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця помніка аўстрыйскім ахвярам нацызму "Масіў імёнаў" у мемарыяльным комплексе "Трасцянец".

"Памяць аб загінулых у барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы, за вызваленне планеты ад карычневай чумы, памяць аб ахвярах нацызму для нашага народа свяшчэнная. Беражлівае стаўленне да яе стала часткай нацыянальнай ідэі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Паводле слоў Прэзідэнта, усведамленне ўрокаў Другой сусветнай вайны знаходзіць адлюстраванне і ў міралюбівай знешняй палітыцы Беларусі, у паслядоўным і шчырым імкненні беларусаў уносіць свой уклад ва ўрэгуляванне канфліктаў, зніжэнне напружанасці праз садзейнічанне дыялогу і супрацоўніцтву ў рэгіёне і свеце.

"Народы Беларусі і Аўстрыі, як і ўсе народы Еўропы, перажылі агульную крывавую трагедыю Другой сусветнай вайны. Мільёны грамадзян нашых краін сталі ахвярамі нацысцкай палітыкі генацыду. Сёння нас аб`ядналі боль памяці і сумленне, маральны і чалавечы абавязак, адказнасць за лёсы будучых пакаленняў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што злачынствы, учыненыя гітлераўцамі, уражваюць сваёй жорсткай бязмежнасцю. Вар`яцкія, антыгуманныя ідэі фашыстаў увасобіліся ў дзяржаўнай палітыцы Трэцяга рэйха. Для "пашырэння жыццёвай прасторы на Усход" былі распрацаваны падрабязныя планы. Яны былі заснаваны на дасягненнях навукова-тэхнічнага прагрэсу і выклікалі жах сваёй педантычнасцю. Расавыя законы прызналі непатрэбным існаванне мільёнаў людзей.

"Невыпадкова канцэнтрацыйныя лагеры нацыстаў называюць фабрыкамі смерці. Забойства людзей у іх было пастаўлена на паток. Такая "фабрыка", адна з буйнейшых у Еўропе, знаходзілася тут, у Малым Трасцянцы. На гэтай самай зямлі была праліта кроў многіх дзясяткаў тысяч невінаватых ахвяр, сярод якіх дэпартаваныя грамадзяне з краін Еўропы, мірныя жыхары, партызаны, падпольшчыкі і савецкія ваеннапалонныя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што для беларусаў гады акупацыі сталі адной з самых трагічных старонак у гісторыі. "Таму дзень вызвалення нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - гэта наша галоўнае дзяржаўнае свята, Дзень Незалежнасці. Такі ж важны, як Дзень Перамогі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

28 сакавіка 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/513/47434
Текущая дата: 15.11.2024