Белорусский портал в Казахстане

МЗС Беларусі прапануе заснавальніку кампаніі Tesla Ілану Маску пратэставаць новы прадукт кампаніі Robotaxi ў Мінску



Адпаведны запіс з`явіўся ў англамоўным "Твітэры" беларускага знешнепалітычнага ведамства.

"Ілан Маск, вы афіцыйна можаце пачаць тэставанне вашай сістэмы Robotaxi ў Мінску", — гаворыцца ў паведамленні.

Напярэдадні Tesla анансавала запуск у наступным годзе сэрвісу Robotaxi — сэрвіс беспілотных аўтамабіляў, у якім плануецца выкарыстоўваць як уласны аўтапарк кампаніі, так і электракары, якія належаць прыватным асобам.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка паставіў перад беларускімі навукоўцамі задачу скончыць распрацоўку айчыннага электрамабіля ў 2018 годзе.

Улетку 2017 года Нацыянальная акадэмія навук прадставіла эксперыментальны ўзор беларускага электракара, створанага спецыялістамі Аб`яднанага інстытута машынабудавання на базе легкавога аўтамабіля Geely SC7.

31 жніўня таго ж года на нарадзе па развіцці беларускага аўтамабілебудавання Лукашэнка расказаў пра тое, як ён пратэставаў амерыканскі электрамабіль Tesla, і даручыў айчынным распрацоўшчыкам выкарыстоўваць яго ў якасці ўзору, да якога неабходна імкнуцца.

Лукашэнка адзначыў, што падрабязна азнаёміўся з эксперыментальным узорам беларускага электракара. "Я з ім уважліва азнаёміўся, паглядзеў усе вашыя дэталі. Не ведаю, наколькі высокі ўзровень рухавіка, які вы стварылі, хадавая частка і гэтак далей, але выглядае вонкава прыстойна", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён падкрэсліў, што "да ўзроўню Tesla яшчэ далёка" і неабходная "далейшая тэхнічная праца ў гэтым кірунку".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 24 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/513/47724
Текущая дата: 27.12.2024