19 красавіка а сёмай вечара ў сямі бібліятэках сталіцы пачнецца «Бібліяноч» — адзіны дзень у годзе, калі чытальні працуюць да ночы і завабліваюць наведвальнікаў адмысловымі праграмамі.
Акцыя па папулярызацыі чытання «Бібляноч» упершыню прайшла ў нашай краіне ў 2015-м — і стала штогадовай.
Сёлета Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук ператворыцца ў лабараторыю і паспрабуе вывесці сваю формулу «Бібліяночы»: тут правядуць нясумныя навуковыя лекцыі і творчыя майстэрні, пакажуць калейдаскоп унікальных старадаўніх кніг і інтэрактыўныя кніжныя выстаўкі, а таксама паставяць кулінарна-алхімічныя вопыты.
Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы і Фундаментальная бібліятэка БДУ абралі творчы кірунак: тэатральныя пастаноўкі і знаёмства з закуліссем, паэтычныя і музычныя імпрэзы, сустрэчы з людзьмі тэатральных прафесій.
Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка, якая далучылася да акцыі ўпершыню сумесна з Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкай, узяла максімальна блізкі для сябе кірунак «Аграсядзіба запрашае...». У праграме вечара — інтэлектуальныя гульні і бардаўскія спевы, майстар-клас па вырабе з другаснай сыравіны ўпрыгожанняў для раслін, урокі бальных танцаў, а для тых, хто прытаміўся, — пасядзелкі з блінамі і чаем.
У Навуковай бібліятэцы БНТУ гасцям прапануюць узяць удзел у вясёлых прадстаўленнях, навуковых лекцыях, актыўных забавах ад літаратурных фан-дамоў, у настольных гульнях або майстар-класе ад рэжысёра Аляксандры Бутар, якая раскажа, як напісаць сцэнарый. Дарэчы, тут свята працягнецца і 20 красавіка — на пятым гарадскім фестывалі «Горад і Кнігі».
«Пушкіну і не снілася», — інтрыгуе афіша акцыі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Супрацоўнікі тутэйшай бібліятэкі падрыхтавалі квэст «Лукамор`е» паводле твораў класіка рускай літаратуры, юбілей якога адзначаецца сёлета, а таксама склалі праграму «пушкінскіх» мультфільмаў, сеанс казкатэрапіі і творчыя майстар-класы, дзе можна навучыцца, напрыклад, зрабіць арыгамі — казачнага персанажа ці намаляваць паштоўку, і прадугледзелі нават адмысловую кавярню «У Арыны Радзівонаўны».
А Нацыянальная бібліятэка Беларусі назвала свой маштабны праект «БібліяLІVE» — і абяцае акунуць кожнага наведвальніка ў бурлівы вір жыцця: музыка, віктарыны, модны паказ, майстар-класы, трэнінгі з удзелам псіхолагаў, дзіцячая пляцоўка і адмысловая YouTube-вечарынка... На кожнай пляцоўцы прадугледжаны свае цікавінкі і сюрпрызы: напрыклад, турнір па шахматах пройдзе з гіганцкімі фігурамі, а на дабрачыннай пляцоўцы, якую зладзяць сумесна ГА «Эгіда», кожны ахвотны зможа знайсці сабе новага сябра альбо дапамагчы прытулкам для жывёл. Самай настальгічнай абяцае стаць пляцоўка «Вінілавы рай» — на вінтажным прайгравальніку будуць гучаць старыя, але мілыя сэрцу пласцінкі...
Цалкам з праграмай «Бібліяночы» ў кожнай бібліятэцы можна азнаёміцца ў афіцыйнай суполцы акцыі «УКантакце».
Аўтар: Вікторыя Целяшук
Звязда, 13 красавіка 2019
Звязда, 13 красавіка 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/516/47565
Текущая дата: 28.12.2024