Белорусский портал в Казахстане

Мінлясгас: Дэмантаваныя ў Курапатах крыжы не мелі дачынення да ўшанавання памяці ахвяр рэпрэсій



Крыжы, дэмантаваныя на месцы масавага пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій у Курапатах, не адлюстраваныя ў існым пашпарце аб`екта і не маюць ніякага дачынення да ўшанавання памяці ахвяр сталінскага тэрору, лічаць у Міністэрстве лясной гаспадаркі.

Каментар прэс-службы Мінлясгаса апублікаваны 11 красавіка на сайце міністэрства "з-за абвастрэння дыскусій адносна правядзення планавых работ па добраўпарадкаванні ляснога фонду ва ўрочышчы Курапаты".

Ведамства адзначае, што з 4 па 9 красавіка Бараўлянскі спецлясгас праводзіў планавыя работы па добраўпарадкаванні ляснога фонду. У прыватнасці спецыялістамі лесагаспадарчай установы быў ажыццёўлены знос незаконных аб`ектаў і ўстаноўленая агароджа па мяжы ахоўнай зоны.

Згодна са звесткамі Мінлясгаса, работы праводзіліся ў адпаведнасці з праектам зоны аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці "Месца гібелі ахвяр палітычных рэпрэсій (1930—1940 гады) ва ўрочышчы Курапаты (Мінскі раён)", а таксама на падставе пастановы Савета міністраў ад 17 верасня 2018 года № 675 "Аб зацвярджэнні правілаў добраўпарадкавання мемарыялаў і помнікаў воінскай славы, адзіночных і брацкіх магіл воінаў, якія загінулі ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, воінскіх магіл, асобных воінскіх участкаў агульных могілак, месцаў масавага пахавання цывільнага насельніцтва" і Кодэкса аб культуры.

"Нагадаем, што раней Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла з ініцыятывай стаць замоўцам стварэння і ўзвядзення памятнага знака ва ўрочышчы Курапаты, — гаворыцца ў рэлізе. — У лістападзе 2018 года на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці былі завершаныя работы першага этапу па ўстаноўцы памятнага знака "Мемарыял Курапаты" і трасіроўцы існай сцежкі ўрочышча. Работы, што праводзяцца ў красавіку, з`яўляюцца працягам добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі".

Падчас устаноўкі агароджы "быў ажыццёўлены таксама знос незаконна ўстаноўленых аб`ектаў (крыжоў)". На думку міністэрства, "гэтыя збудаванні не адлюстраваныя ў існым пашпарце аб`екта і не маюць ніякага дачынення да ўшанавання памяці "ахвяраў сталінскага тэрору". "Пацвярджэннем таму служаць шматлікія археалагічныя даследаванні", — дадалі ў Мінлясгасе.

"Такім чынам, заявы асобных актывістаў пра "абразу памяці "і г.д. фактычна не маюць пад сабой гістарычнай асновы і, па сутнасці, наўмысна ўводзяць грамадскасць у зман, — лічаць у міністэрстве. — Трэба таксама падкрэсліць, што ўсе крыжы, устаноўленыя на тэрыторыі ўрочышча законным чынам, пры правядзенні работ па добраўпарадкаванні былі захаваныя. На тэрыторыі комплексу можна знайсці ў тым ліку і адны з самых першых крыжоў, што кажа аб далікатным стаўленні дзяржавы да захавання памяці".

Мінлясгас "звяртае ўвагу грамадзян на неабходнасць выканання заканадаўства на тэрыторыі дзяржаўнага ляснога фонду".

1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Курапаты будуць прыведзеныя ў парадак, але рэстаран "Паедзем паядзім", супраць працы якога пратэстуюць грамадскія актывісты, ніхто закрываць не будзе. "І каб дэманстрацый з крыжамі па перыметры там таксама не было. Ну навошта вы там павыстаўлялі гэтыя белыя крыжы (гаворка ідзе пра новыя крыжы, устаноўленыя Дзмітрыем Дашкевічам і іншымі актывістамі летам мінулага года. — БелаПАН.)? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Гэта дэманстрацыя, а я супраць такой дэманстрацыі", — заявіў ён.

4—5 красавіка ў Курапатах паводле рашэння ўлад былі знесеныя і некуды вывезеныя 70 шасціметровых крыжоў. Гэтыя дзеянні выклікалі негатыўны рэзананс у грамадстве. З 4 па 7 красавіка пры розных абставінах, так ці інакш звязаных з Курапатамі, былі затрыманыя прыблізна 20 чалавек, частку з іх судзілі, пакараўшы адміністратыўнымі арыштамі і буйнымі штрафамі.

10 красавіка абаронцы Курапатаў перадалі ў Адміністрацыю прэзідэнта адкрыты зварот на імя Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца дэмантаваныя крыжы. Арганізаваны збор подпісаў пад зваротам — яго можна падпісаць, наведаўшы курапацкую вахту, штодня з 16.00 да 21.00 ці перад "малітвай за Беларусь", якая праводзіцца ва ўрочышчы кожны дзень у 19.00, а па нядзелях — у 14.00.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 11 красавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/518/47578
Текущая дата: 28.12.2024