Маштабны выставачны праект работ выдатнага французскага мастака, графіка, ілюстратара XIX стагоддзя Гюстава Дарэ адкрыецца 5 красавіка ў Гомелі ў карціннай галерэі Г.Х.Вашчанкі, паведамілі ў дзяржаўнай установе.
У экспазіцыі больш як 120 ілюстрацый да літаратурных твораў, якія прынеслі Гюставу Дарэ сусветную славу, а таксама ілюстрацыі да Бібліі, выкананыя ў тэхніцы літаграфіі ў канцы XIX стагоддзя.
У галерэі Г.Х.Вашчанкі расказалі, што Гюстаў Дарэ стварыў новы стыль у мастацтве, прывіў публіцы густ да яго і адкрыў у ілюстраванні кніг новыя грані. Звяртаючыся да першакрыніцы, мастак тонка трымаецца сюжэту, практычна даслоўна раскрываючы для чытачоў усе нюансы пачуццяў, перажыванняў, сумненняў, эмоцый персанажаў, убіраючы іх у дзіўнае спляценне карункаў сваіх ліній.
"Пакарыўшы родную Францыю, талент Дарэ яшчэ пры жыцці перасягнуў межы гэтай краіны. Пра яго пачалі гаварыць у свеце як пра мастака, здольнага сваімі ілюстрацыямі праславіць нават самую звычайную рамантычную байку. Выдаўцы выстpойваліся ў чэргі за права першымі атрымаць ілюстрацыі Гюстава Дарэ да кніг, што рыхтаваліся да выдання", - растлумачылі ў карціннай галерэі.
Велізарная колькасць работ, мноства літаратурных твораў, якія ён праілюстраваў з уласцівым яму багаццем уяўлення, паэтычнае хараство адных яго гравюр, гумар іншых і змрочная чароўнасць трэціх - усё гэта крыніцы для сапраўднага захаплення, якое змогуць адчуць і гледачы ў Гомелі.
Выстава "Шэдэўры Гюстава Дарэ" ў карціннай галерэі Г.Х.Вашчанкі прадоўжыцца па 2 чэрвеня.
4 красавіка 2019, Гомель
БЕЛТА
4 красавіка 2019, Гомель
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-0/520/47449
Текущая дата: 29.12.2024